Аўтуховіч учора спыніў галадоўку
Аўтуховіч абвесціў галадоўку, патрабуючы як мага хучэй перадаць справу ў суд. Са слоў адваката Паўла Сапелка, справа дайшла да такога моманту, калі трэба рыхтавацца да працэсу, знаёміцца са справай, рыхтавацца да абароны. Стан прадпрымальніка крытычны, зараз кожны рух даецца яму з цяжкасцю, таму праца падрыхтоўкі да суду была б для яго немагчымай, кажа Сапелка.
Тры дні таму Аляксандр Казулін, Артур Фінькевіч, Анатоль Лебедзька, Лявон Баршчэўскі і іншыя прадстаўнікі апазіцыі і грамадскія дзеячы падпісалі зварот да паслоў Польшчы і Швецыі, у якім прасілі паўплываць на пазіцыю беларускай улады.
У той самы час эксперт Amnesty International, Хэзэр Макгіл, паведаміў БелаПАН, што ў арганізацыі няма доказаў сувязі паміж затрыманнем прадпрымальнікаў і іх палітычнай дзейнасцю.
Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Леонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. Іх абвінавачваюць паводле артыкула 218 – адмысловае знішчэнне, ці шкода маёмасці. Усе тры падазраваныя знаходзяцца ў СІЗО нумар адзін г. Мінска.