Слухачы гарадзенскай “Мовы Нанова” атрымалі студэнцкія білеты
Першымі іх уладальнікамі сталі ўдзельнікі заняткаў, прысвечаных тэме “Інваліднасць”, якія адбыліся 4 лістапада.
Госцем заняткаў (праз скайп) была вядомая журналістка Дар’я Ліс, якая жыве ў Залессі на Смаргоншчыне. З дзесяці год дзяўчына перасоўваецца ў вазку, але не губляе жыццёвага аптымізму і сацыяльных сувязяў.
Дар’я распавяла, з якімі праблемамі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія хочуць атрымаць адукацыю і працаўладкавацца. Вядучыя сустрэчы пазнаёмілі прысутных з некаторымі парадамі адносна зносінаў з людзьмі з інваліднасцю.
Пасля традыцыйнай для заняткаў граматычнай і лексічнай часткі (разбіраліся ў тым ліку словы, звязаныя з інваліднасцю) удзельнікі курсаў у групах распрацоўвалі свае прапановы сацыяльных праектаў, адрасаваных людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі (аўдыё-гід па музэях, спецыяльныя тэрміналы для глуха-нямых людзей у паліклініках і шпіталях і г.д.).
Скончыліся заняткі традыцыйным выкананнем песні (гэтым разам “Трох чарапах” Вольскага).
Наступныя заняткі адбудуцца 10 лістапада.
Іх госцем будзе аўтар тэлепраграмы “Падарожжы дылетанта” Юрый Жыгамонт.