Хакейны “Нёман” рыхтуецца да Кантынентальнага Кубка
Сустрэчы трэцяга раўнда Кантынентальнага Кубка адбудуцца з 21 да 23 лістапада ў французкім Анжэ. Супернікамі гарадзенцаў стануць гаспадары (“Анжэ Дакс”), польскі “Санок” і “Белфаст Джайнтс” з Паўночнай Ірландыі.
Каманда гастападароў турніра “Качкі з Анжэ” (Ducs d’Angers) была заснаваная ў 1982 г. і аніводнага разу не перамагалі ў чэмпіянаце Францыі.
У сёлетнім першынстве сваёй краіны яны ідуць пакуль 7-мі. Найвышэйшым дасягненнем краіны з’яўляецца перамога ў Кубку Францыі 2007-га года.
Польскі “Санок” (Ciarko PBS Bank KH Sanok) адлічвае сваю гісторыю з 1958 г.
Каманда двойчы выйгравала чэмпіянат краіны (2012 і 2014) і Кубак Польшчы (2010 і 2011). У сёлетнім чэмпіянаце “Санок” займае пакуль 2-е месца.
“Белфаст Джайнтс” (Belfast Giants) гуляе ў Элітнай лізе Вялікабрытаніі і займае ў сёлетнім чэмпіянаце 1-е месца.
На рахунку клуба адна перамога ў гэтай Лізе (2003 г.).
“Гіганты” са сталіцы Паўночнай Ірландыі занялі ў гэтай групе месца кіеўскага клуба “Кампаньон-Нафтогаз”, які ў кастрычніку адмовіўся ад удзелу ў турніры з-за складанага фінансавага становішча. Да таго ж з-за вайны ў Украіне хакейны чэмпіянат сёлета так і не распачаўся.
“Нёман” у гэтай кампаніі выглядае найбольш тытулаванай камандай. Гарадзенцы пяць разоў перамагалі ў чэмпіянаце Беларусі (1998, 1999, 2001, 2013, 2014).
Зараз, праўда, справы ў камандзе ідуць не найлепш. У турнірнай табліцы чэмпіянату краіны каманда займае толькі пятае месца.
Напярэдадні Кантынентальнага Кубка кіраўніцтва каманды спрабуе ўмацаваць яе шэрагі.
Днямі да “Нёмана” далучыліся нападнікі з Расіі Максім Осіпаў і Міхаіл Якаўлеў, а таксама чэшскі абаронца Даніэль Семан.
У “фінал чатырох” выйдуць дзве лепшыя каманды з групы. Пераможца суперфіналу атрымае права згуляць у наступным годзе ў Еўрапейскай хакейнай Лізе чэмпіёнаў.
У мінулым годзе “Нёман” таксама прадстаўляў Беларусь у Кантынентальным Кубку, але ў трэцім раўндзе турніра саступіў пуцёўку ў суперфінал нарвежскаму “Ставангеру”, які і заваяваў пазней Кубак.
Расклад гульняў “Нёмана” у 3-м раўндзе Кантынентальнага Кубку:
21 лістапада (18.00, час беларускі) «Белфаст Джайантс» – «Нёман»
22 лістапада (18.00) «Нёман» – «Санок»
23 лістапада (22.00) «Анжэ» – «Нёман».