“Да нас едзе губернатар”
Асноўная пляцоўка, дзе былі прадстаўленыя заяўленыя на конкурс праекты, размяшчалася каля актавай залі.
Тут адразу можна было пабачыць шматлікія стэнды з рэкламай устаноў адукацыі, адкуль прыехалі ўдзельнікі форума, а таксама пачуць усім знаёмыя патрыятычныя “мелодыі і рытмы беларускай эстрады”.
З раніцы дзясяткі чалавек з розных куткоў Гарадзенскай вобласці былі гатовыя прэзентаваць свае праекты.
Ідзем знаёміцца з некаторымі аўтарамі. Зацікавіліся сталом, на якім стаялі два робаты. Як высветлілася, адзін з робатаў паўтарае рухі каня, горнага казла, гепарда і вадамеркі і можа быць карысным нават у медыцыне, бо здольны пераносіць хворых людзей у будынках, дзе няма ліфтаў.
Аўтарам дадзенага праекта з’яўляецца Арсеній Каласоў, вучань 10-га класа СШ№34 г.Гродна. Робата сканструяваў і сабраў ён сам.
– “Як жа з’явілася такая ідэя?” – пытаемся ў хлопчыка.
– “Ідэя прыйшла ў галаву, калі глядзеў па тэлевізары праграмы пра жывёл”, – адказвае Арсеній.
Адразу скажам, што гэты юны талент па выніках конкурсу стаў аднім з пераможцаў.
Ідзем далей і заўважаем стол з надпісам “Погляд у мінулае праз сучаснасць”. На стале ляжаць буклеты і кнігі пра нацыянальны арнамент на беларускай мове.
Падыходзім да хлопца, які прадстаўляе гэты праект:
– “Добры дзень! Можаце распавесці падрабязней пра свой праект?”
– “Магу, канешне. Толькі на рускай мове”. Хлопец абгрунтоўвае такі свой адказ тым, што “у цяперашні час шмат хто не разумее беларускую”.
– “Праект накіраваны на пашырэнне ўжывання беларускага арнаменту, але не ў вышываначным выглядзе, а шляхам нанясення яго на будынкі. Напрыклад, на будынак радзільнага дома будзе нанесены арнамент маці-радзіцельніцы, на будынак ЗАГСу – голуб і галубка, сімвалы кахання”, – распавядае нам юнак.
Пажадаўшы яму поспехаў, крочым у актавую залу, дзе ў хуткім часе мае адбыцца адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі. Традыцыі і будучыня” з удзелам старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Краўцова.
Значную частку публікі складаюць студэнты-медыкі, якіх знялі з заняткаў, каб сустрэцца з “губернатарам”.
Пасля амаль гадзіннага чакання пачатку мерапрыемства і прадстаўлення членаў прэзідыума першым выступае сам старшыня аблвыканкаму:
– “Хацелася б сёння паразмаўляць аб тых праблемах і пытаннях, якія хвалююць моладзь.
…2015 год загадам прэзідэнта азначаны як год моладзі.
…Моладзь – гэта найбольш актыўная частка грамадства, яна менш схільная да стэрэатыпаў, хутчэй успрымае новаўвядзенні і больш эфектыўна генеруе ідэі.
…Я заўсёды адкрыты для вас у любы час і ў любых аўдыторыях”.
Падчас сваёй прамовы старшыня аблвыканкаму распавёў пра дасягненні ў галіне сельскай гаспадаркі, паабяцаў у 2015 годзе стварыць у Гродна парк высокіх тэхналогій і прапанаваў выкарыстоўваць ровары як сродак перамяшчэння.
Не абмінуў ён і тэму развіцця турызма: “Турызм для нас, для эканомікі Гарадзеншчыны – вельмі важны накірунак, і мы будзем ім займацца”.
Наступным слова ўзяў Ігар Бузоўскі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ:
– “У каго, уздыміце рукі, сёння ў гэтай зале ёсць нейкія ідэі, якія ён хацеў бы рэалізаваць?” – некалькі чалавек уздымаюць рукі.
– “А цяпер уздыміце рукі тыя, хто пасля сканчэння ВНУ хацеў бы адкрыць сваю справу, фірму, ІП і г.д.” – уверх цягнуцца рукі паловы залы…
“Адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі. Традыцыі і будучыня” – запэўнівае прамоўца, прызваны да таго, каб даць вам чарговую магчымасць ажыццявіць вашыя ідэі”.
У хуткім часе пачынаецца і сам дыялог. Акрэсліваюць адну з тэм: “Як выхаваць у моладзі патрыятызм?”. Але гаворка амаль адразу змяняе накірунак, і вядучай тэмай становіцца праблема ўжывання спайсу.
З залы гучаць і іншыя пытанні: пра спорт, пра магчымасць размеркавання для платнікаў, дапамогу ў адаптацыі на новым месцы для маладых спецыялістаў.
Авацыі зрывае пісьмовае пытанне ад адной са слухачак з прапановаю ўвесці льготны праезд для студэнтаў і мець нейкія льготы на наведванне культурных устаноў, напрыклад, тэатра.
Відавочна, што гэтая праблема актуальна для ўсіх студэнтаў. Але гэтае пытанне, на жаль, застаецца без адказу. Як і на шмат іншых, на яго адказваюць фразай: “Мы запісалі вашае пытанне і ўлічым яго”.
Напрыканцы імпрэзы вызначылі пераможцаў конкурса “100 ідэй для Беларусі” і ўзнагародзілі іх планшэтамі і ноўтбукамі.
Пасля форуму ўражанні ва ўсіх розныя: пераможцы конкурса ўсцешаныя падарункамі і падтрымкай сваіх праектаў, звычайныя слухачы стомленыя ад амаль трохгадзіннага сядзення на адным месцы.
– “Я спачатку радавалася таму, што з заняткаў здымаюць, а цяпер думаю: “Лепей бы мы на пары пайшлі!”, – праходзіць міма дзяўчынка, на хаду апранаючы паліто, якое не атрымалася раніцай здаць у гардэроб.
– “А я спадзяваўся, што можна будзе з губернатарам сфоткацца”, – жартуе хлопец і таксама накіроўваецца да выхаду.