Яшчэ адныя курсы беларускай мовы распачалі працу ў Гродне

|

Заняткі “Моваведы” павінны былі распачацца ў Чырвоным касцёле на Дзевятоўцы.

 

Але пасля з’яўлення ў інтэрнэце абразлівых каментаў пра “польскую пятую калону, якая за заходнія грошы збіраецца сеяць раскол сярод беларусаў” мясцовай арганізатарцы курсаў за дзень да пачатку заняткаў затэлефанаваў святар і адмовіў у памяшканні. Як кажуць, “вы же понімаеце”… 

 

Нягледзячы на гэта, “Моваведа” у Гродне ўсё ж стартавала.

 

У офіс грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” на вул. Будзёнага 13 лістапада прыйшло больш за 20 чалавек самага рознага ўзросту і розных прафесій (студэнты, офісныя работнікі, будаўнік, электрык, пенсіянеры, філолагі і інш.).

 

– “Я хачу бачыць у людзях не проста жаданне вывучыць словы “асадка”, “фіранка”, “імбрык”, але праз гэта змяняць грамадства да лепшага, каб любові да сваёй краіны, народа, гісторыі стала больш.

 

Арганізатары курсаў “Моваведа” у Гродне – Таццяна Сушко і Аляксей Шэін

Калі беларуская мова стане адной з цаглінак гэтага лепшага беларускага дома – я буду вельмі шчаслівы!” – патлумачыў свой падыход да арганізацый моўных курсаў Аляксей Шэін (дарэчы, сам былы гарадзенец).

 

Што тычыцца зместу першых заняткаў, то яны былі прысвечаныя найперш знаёмству паміж курсантамі, а таксама засваенню вітальных і развітальных словаў у беларускай мове.

 

Наступныя заняткі курсаў пройдуць у чацьвер, 20 лістапада, таксама па адрасе вул. Будзёнага, 48а-63.

 

Нагадаем таксама, што па панядзелках па гэтым жа адрасе адбываюцца заняткі курсаў “Мова Нанова”.