Гандбалісткі “Гараднічанкі” перамаглі суперніц з Турцыі

|

Гарадзенская каманда перажывае апошнім часам не лепшыя часы. Грошай мала, вынікі таксама пакідаюць жадаць лепшага. У мінулагоднім чэмпіянаце “Гараднічанка” упершыню за апошнія гады апусцілася ніжэй за 2-е месца, прапусціўшы наперад не толькі сваіх зацятых суперніц са сталічнага БНТУ, але і “Гомель”.

 

Гэтыя ж каманды апярэджваюць пакуль гарадзенак і ў сёлетнім чэмпіянаце.

 

Галоўны трэнер каманды Сяргей Камбур (на здымку зправа) у размове з журналістамі адзначаў, што ўдзел у еўракубках патрабуе ад клуба сур’ёзных выдаткаў, але гэта адзіная магчымасць забяспечыць камандзе новы міжнародны досвед.

 

Турэцкі клуб таксама зорак з неба не хапае (ідзе 4-м у не самым моцным чэмпіянаце), таму гульня чакалася больш-менш роўная.

 

Гарадзенкі, аднак, яшчэ ў першай палове агаломшылі турчанак, выйграўшы тайм з лікам 18-9. Далей была справа тэхнікі і фінальны свісток арбітра зафіксаваў на табло старэнькага гарадзенскага спорткомплекса “Вікторыя” лік 36-23 на карысць “Гараднічанкі”.

 

Самымі выніковымі ў складзе нашай каманды сталі Коціна (12 галоў) і Булава (6).

 

Сустрэчу ў адказ каманды згуляюць 23 лістапада ў Ізміры. Па яе выніках стане вядома, які з клубаў пройдзе ў наступны раўнд турніра.

 

Разцярушыць такую салідную перавагу пасля першай гульні гарадзенкі ў Турцыі наўрадці сабе дазволяць.

 

15 лістапада. Кубак Выкліка (European Challenge CUP). “Гараднічанка” – “Ізмір” 36-23