У Гродне следчыя высвятляюць абставіны атручэння трох чалавек, адзін з якіх памёр
Напярэдадні пра гэты выпадак паведаміла УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Двое маладых людзей і дзяўчына пацярпелі, спажыўшы парашок, названы ў народзе “хуткасць”.
Гэта, як адзначылі ў міліцыі, па сутнасці канцэнтрат наркатычнага рэчыва, які выкарыстоўваецца ў курыльных міксах.
Паводле інфармацыі следства, 15 лістапада ў аўтамашыне “Аўдзі А6”, што стаяла на абочыне дарогі каля вёскі Алекшыцы Бераставіцкага раёна, быў знойдзены труп жыхара Ваўкавыска 1993 года нараджэння. Акрамя таго, у салоне з прыкметамі вострага атручэння неўстаноўленым рэчывам знаходзіліся яшчэ два чалавекі — юнак і дзяўчына 1993 года нараджэння, якія жывуць у Ваўкавыску і Шчучынскім раёне.
Іх неадкладна даставілі ў бальніцу. Падчас агляду месца здарэння следчыя выявілі і забралі з аўтамабіля рэшткі неўстаноўленага рэчыва, па якіх прызначылі судова-хімічную экспертызу.
Юнак і дзяўчына, якія выжылі дзякуючы своечасовай медыцынскай дапамозе, растлумачылі следству, што ў дарозе ў аўтамабілі спажывалі псіхатропнае рэчыва, пасля чаго страцілі прытомнасць.
Улічваючы акалічнасці здарэння, следства распачало дзве крымінальныя справы — у дачыненні да неўстаноўленай асобы, якая збыла псіхатропнае рэчыва, па факце прычынення ім смерці па неасцярожнасці (ч. 1 арт. 144 КК) і ў дачыненні да дзвюх выжыўшых асоб па факце незаконнага без мэты збыту набыцця імі, захоўвання і перавозкі псіхатропнага рэчыва (ч. 1 арт. 328 КК). Расследаванне ўзята на асабісты кантроль начальнікам УСК.
Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, устанаўліваецца кола асоб, з якімі кантактавалі пацярпелыя, высвятляюцца дэталі набыцця смяротна небяспечнага рэчыва.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН