Севярын Квяткоўскі: беларусы ўмеюць лётаць, але саромеюцца

|

Такімі словамі скончыў 21 лістапада сваю прэзентацыю ў Гродне аўтар ста гісторый пра тое, як стаць беларусам, медыя-пісьменнік Севярын Квяткоўскі.

 

На працягу некалькіх год ён рупліва збіраў гісторыі людзей, кожны з якіх па-свойму “прыйшоў да беларускасці”. Сто такіх гісторый увайшло ў кнігу “Як стаць беларусам”, яшчэ каля 200 публікаваліся ў інтэрнэце.

 

Аўтар (на здымку) неаднойчы ў час сустрэчы з гарадзенцамі ў галерэі “Крыга” адзначаў, што ўкладае ў слова “беларусы” не этнаграфічнае значэнне.

На яго думку, зараз краіна перажывае этап станаўлення “палітычнай нацыі”, прадстаўнікі якой могуць мець розныя этнічныя карэнні, але павінны ведаць беларускую гісторыю, паважаць беларускую культуру і, галоўнае, паразумецца наконт бачання будучыні Беларусі. А для гэтага трэба навучыцца размаўляць паміж сабой, чаго беларусам пакуль бракуе.

 

На вокладцы кнігі Севярына намаляваны сімбалічны працэс эвалюцыі ад “малпы” праз трактар “Беларус” да вольнага беларуса.

 

– Ці не можа гэты сімвалічны “трактар” дагнаць і пераехаць таго чалавека, які апярэдзіў яго? – запыталіся мы ў пісьменніка.

 

– У гэтага “трактара” ўжо амаль няма “запчастак” і ехаць яму засталося нядоўга, – аптымістычна адказаў аўтар выдання. З яго пункту гледжання, яшчэ ў 90-х гадах адбыўся пералом у масавай свядомасці і беларуская мова, якую некалькі дзесяцігоддзяў да гэтага лічылі мовай “крестов” і “калгаснікаў”, стала мовай беларускай эліты і павярнуць назад гэты працэс будзе складана. 

 

“Беларусам трэба толькі паверыць у сябе і свае сілы”, – адзначыў Севярын і распавёў гісторыю са сваёй кнігі пра хлопчыка, які ўмеў лётаць, але па волі бацькоў хаваў гэта ад іншых, аж пакуль не здарылася сітуацыя, калі яму давялося ратаваць чалавека і дзеля гэтага ўзляцець пры людзях.

 

Якім жа было яго здзіўленне, калі ўслед за ім узляцелі і ўсе людзі на плошчы! Здавалася б, бяскрылыя…

 

Фота Яна Лялевіча