Пах мярзотнасці альбо гадзіна ў музеі ахвяраў генацыду

|

Тут месціцца музей палітычных рэпрэсій, адзіны такога кшталту музей на прасторах былога СССР.

 

Від на музей КДБ з боку Лукішак

Цяжкія дзверы адчыняюцца. Заходзім унутр. У нос адразу б’е пах цвіллі. Чамусьці, па скуры пабеглі мурашкі …

 

Спускаемся па вузкай лесвіцы былой турмы КДБ у падвальныя памяшканні. Спыняемся ў вузкім калідоры каля першых жа дзвярэй.

 

За імі – памяшканне метр на метр. Цёмна, мокра, змрочна, цесна. Тут затрыманыя чакалі выкліку на допыт. Сядзець немагчыма, бо няма дзе, падлога халодная, як і сцены, столь цісне на мозг, масіўныя дзверы ствараюць адчуванне беззыходнасці.

 

Праходзім далей па калідоры, асветленым нагнятаючым святлом, і бачым пакой для дагляду. Месца, дзе ў зняволеных канфіскоўваюць рэчы і пазбаўляюць усялякага адчування свабоды.

 

У наступным памяшканні праходзілі допыты.

Тут рабілі фатаграфію, якую ўклейвалі у справу зняволеных. Тут жа людзей гадзінамі прыніжалі, пагражалі здароўю іх блізкіх і выкарыстоўвалі іншыя метады выкрыцця ворагаў савецкага народа.

 

Зноў выходзім ў цёмны і сыры калідор. Бачым некалькі камер запар. Уваходзім у адну з іх. Плошча на вока 6-7 квадратных метраў. Уздоўж сцен металічныя канструкцыі. Падобна, што ложкі. І зноў брудна-жоўтае святло. Акно, калі так называецца адтуліна ў сцяне, закрытая металічнай фанерай, амаль не прапускае свежае паветра.

 

А гэта як раз тое, чаго тут так бракуе! Вядро ля ўваходу ў куце – месца, дзе ўсе зняволеныя спраўлялі патрэбу. У такую камеру часам змяшчалі да 20 чалавек. Мы правялі там 5 хвілін восеньскім днём і ўжо адчулі духату і сырасць. Што адбываецца ў гэтым загоне летам – уявіць цяжка.

 

Рухаемся далей па лабірынце падземных калідораў.

Яшчэ адна каморка, памерам з маю душавую кабіну ў кватэры. Цёмна, мокра, цесна, але ёсць туалет. Гэты выхаваўчы пакой называўся карцэр. Трое сутак у адзіноце – і зняволены станавіўся значна больш згаворлівым.

 

Наступны паварот. Справа душавая. Тут зняволеныя маглі сагрэцца і трохі раслабіць сваё цела пасля напружаных дзён у душных камерах.

 

Да некаторага моманту я разумела прызначэнне кожнага з пакояў. Аднак, прайшоўшы наперад па вузкім праходзе, пад цяжкімі для вока лямпамі, мы апынуліся перад двума клеткамі, у якіх знаходзіліся зусім незразумелыя збудаванні.

 

За кратамі яма глыбінёй з метр, у цэнтры ямы знаходзіцца «сцэна». Я думаю, калі ў вас 45 памер ногі, наўрад ці магчыма на яе стаць поўнай ступнёй. Для чаго гэтая дзіўная канструкцыя і як яна працуе? Пасля тлумачэння з’явілася жаданне скарыстацца вільготнай сурвэткай і выйсці на свежае паветра.

 

…Допыты не заўсёды адразу прыводзілі да жаданага выніку. Таму для вельмі ўпартых прыдумалі жорсткі квэст. Круглае ўзвышша ў цэнтры пакою дыяметрам 30-40 сантыметраў было пакрыта лёдам, яма напоўнена ледзяной вадой. Зняволенага разувалі, распраналі і запрашалі “на сцэну”. Стоячы на лёдзе босымі нагамі, дапытваемы павінен быў утрымацца і не зваліцца ў ледзяную ваду.

 

Уявіўшы сябе на месцы зняволенага, у галаве маментальна ўзнікае пытанне «быць ці не быць?» Або пазбягаючы шэкспіраўскай рыторыкі «быць вольным у дзеяннях і самавыяўленні або быць здаровым і фізічна свабодным».

 

Выходзім ва ўнутраны двор. Над намі неба, вакол – краты. У загоне зняволеныя шпацыравалі па крузе. Кавалачак блакітнага неба або нават не блакітнага – быў аддушынай для жыхароў турмы. За сцяной цэнтр горада, звычайная жыццё, але збегчы немагчыма. І гэта прыгнятала нават мяне, хоць мы правялі ва ўнутраным двары каля 5 хвілін.

 

Тут тая ж Вільня, той жа праспект Гедыміна. Толькі паветра ўжо не вільготнае, ты дыхаеш сырасцю, пылам і потам. Ты не бачыш стылёвых людзей на вуліцы, не бачыш чыстага неба. Ты змяняеш сэнс паняццяў спакой і камфорт.

 

Вяртаемся ў будынак, але ўжо ў другое крыло. Удыхнуўшы глыбока, трапляем у склеп. Там ужо няма металічных ложкаў, няма вокнаў, закрытых фанерай, няма вядра ў куце.

 

У сценах адтуліны, на зямлі акуляры і сківіцы. Склеп, куды прыводзілі прысуджаных да растрэлу.

 

Адтуліны ад куль на сценах турмы

Экран на сцяне прайграе адну і тую ж сцэну. Асуджанага прыводзяць у пакой, ставяць насупраць сцяны, прастрэльваюць галаву і адразу выносяць цела. Перад тым, як прывесці наступнага, выканаўцы выліваюць вядро вады на падлогу, якой не дастаткова, каб змыць кроў. Новы прысуджаны ўжо ўваходзіць у памяшканне, заляпанае крывёй з усіх бакоў. І сцэнар паўтараецца.

 

З гэтага месца хочацца ўцячы пасля таго, як бачыш масу адтулін ад куль у сцяне. Але яшчэ праз хвіліну адчуваеш, быццам абавязана расстраляным тут людзям сваёй прысутнасцю. Застаюся яшчэ на некалькі хвілін. Выціраю шалікам вочы і выходжу.

 

Размаўляць пасля такой экскурсіі няма жадання. Хочацца толькі выйсці з гэтых лабірынтаў хутчэй, выпіць кавы ў цішыні або ахінуцца ў коўдру.

 

Сыходжу. Зноў Вільня, праспект Гедыміна, чыстае неба і свежае вільготнае паветра. Спакой і камфорт. Толькі вось шэкспіраўская дылема ў маёй інтэрпрэтацыі застаецца невырашанай.

 

У матэрыяле выкарыстаныя фота аўтара, а таксама здымкі з сайтаў kwidoo.ru і vilnia-by.com