У рэжыме спарынга

|

У гэты вечар адбылася адразу чатыры сустрэчы, тры з якіх прайшлі ва ўпартай барацьбе і толькі ў адной пераможца быў зразумелы яшчэ да стартавага свістка.

 

У Магілёве мясцовы «Барысфен-Каласы» прымаў радыётэхнікаў. Да вялікага перапынку Суганяка і кампанія мелі камфортныя «+14».

 

Аднак БДУІР змог вярнуцца ў гульню і заключную чвэрць гаспадары пачыналі з мінімальнай перавагай.

 

Праўда, гуляючы з гульні ў гульню вельмі кароткай лаўкай (чацвёра гульцоў гасцей правялі сустрэчу ад званка да званка) нельга выйграваць такія напружаныя сустрэчы. Фінальная сірэна зафіксавала 76-71 на карысць магілёўцаў.

 

У сталіцы студэнты БДУ далі бой гомельскаму «Сожу». У студэнтаў лідэрскія якасці праявіў Андрэй Цывінскі, які набраў 25 ачкоў (season-high), а на дапамогу яму прыйшлі Арцём Казлоў (16 ачкоў) і Раман Гладкіх (11 ачкоў). Але гэтага аказалася недастаткова, бо ў складзе гасцей бліснуў ўкраінскі легіянер Іван Каля. На яго рахунку «double- double» з 34 ачкоў (season-high) і 10 падборам. Выніковы лік супрацьстаяння 81-72 на карысць гомельскай каманды.

 

Яшчэ адзін сталічны калектыў – «Цмокі-2» прымаў віцебскі «Рубон». Гаспадары выдалі проста цудоўную стартавую дзесяціхвілінку – 24-09, і магло здацца, што інтрыгі не будзе. Але нездарма ж галаўкама паўночнікаў – Руслана Байдакова – называюць самым харызматычным трэнерам першынства.

 

«Рубон» выдае роўна такую ж чвэрць у адказ «цмокам» – 7-27 і сыходзіць на вялікі перапынак лідзіруючы ў ліку. Аднак тут ужо тандэм Кандрусевіч – Барысаў змаглі «ўправіць» мазгі сваім падапечным і ў другой палове такіх правалаў не здарылася ні ў гаспадароў ні ў гасцей.

 

«Цмокі» выйгралі трэцюю чвэрць, а саступаючы за тры хвіліны да канца знайшлі ў сабе ўнутраны рэзерв, каб выйграць і ўсю сустрэчу – 70-66.

 

І толькі ў Гродне, дзе сышліся дзве мясцовыя каманды, зыход сустрэчы быў зразумелы па заканчэнні двух стартавых хвілін, калі «прынёманцы» мелі -12 ачкоў пасіва і толкам не маглі перайсці цэнтральную лінію.

 

Але варта адзначыць зарад на барацьбу маладых намінальных гаспадароў!

 

Не гледзячы на відавочную перавагу ў габарытах і майстэрстве «93-х», хлопцы ў белых майках не баяліся лезці на кальцо, падстаўляцца ў абароне і пхацца на падборы.

 

Набраўшы ў кожнай з трох чвэрцяў па «30+» ачкоў гараджане дазволілі сабе расслабіцца, за што былі тут жа пакараныя.

 

Заключныя дзесяць хвілін засталіся за юнымі гарадзенцамі, у якіх да таго моманту на пляцоўцы давалі жыцця зусім юныя Філіпоўскi і Лягчылiн (абодва 1998 г.н.). На дваіх хлопцы набралі 18 ачкоў і адзначыліся парай эфектных перахопаў (абакралі, да слова, ні каго небудзь, а капітана «Гродна-93» Дзмітрыя Кузьміна).

 

Вядома, справаздачная сустрэча больш нагадала таварысцкую сустрэчу, але кожная такая гульня дае ежу для разважанняў трэнерам.

 

Вельмі хочацца верыць, што першая перамога «Прынёмання» не прымусіць сябе доўга чакаць, а дуэт трэнераў Васiлеўка – Чарняк змогуць знайсці проціяддзе для «Цмокаў» у будучых гульнях Кубка Беларусі.