Выйшаў новы нумар Arche — «Заходняя Беларусь. Міжваенны перыяд»
«Заходнебеларуская спадчына — гэта шмат ў чым «нязручнае мінулае». Яно было такім у савецкі час, а з пэўнымі зменамі ды мадыфікацыямі застаецца і цяпер.
Натуральна, дзякуючы высілкам акадэмічнай супольнасці, асабліва за апошнія 25 гадоў, было шмат зроблена для лепшага разумення і асэнсавання як міжваеннага перыяду ды вераснёўскіх падзей, так і асаблівасцяў ды месца Заходняй Беларусі ў пасляваеннай БССР. Шмат «белых плямаў», аднак, застаецца і сёння,» — піша аўтар прадмовы да нумара, гісторык Аляксандр Пагарэлы.
У нумары знайшлі адлюстраванне наступныя пытанні:
— успрыманне праблемы Заходняй Беларусі сучаснікамі і сённяшнімі даследчыкамі (артыкулы Ежы Тамашэўскага, Анатоля Трафімчыка, Святланы Чэрвоннай, Пятра Ціхарацкага);
— невядомыя і малавядомыя старонкі гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі (публікацыі Аляксандра Быстрыка і Андрэя Вашкевіча, Аляксандра Пагарэлага, Анастасіі Юркевіч, Андрэя Чарнякевіча, Аляксандра Ільіна);
— гісторыя асобных заходнебеларускіх рэгіёнаў і мясцовасцяў (артыкулы Алеся Белага, Аляксандра Камінскага, Леаніда Лаўрэша, Аляксея Вячоркі, Аляксандра Вабішчэвіча, Войцеха Сляшынскага);
— крытычна-рэцэнзійныя матэрыялы (аўтарства Віталя Воранава, Сцяпана Стурэйкі, Ірыны Чарнякевіч).
Пабачыць поўны змест нумара і даведацца, як замовіць выданне, можна на сайце часопіса Arche.