Сцеражыся баршчавіка Сасноўскага!

|

Баршчавік Сасноўскага – гэта расліна, якая дасягае ў вышыню 2,2-3,1 метра. Яна мае буйныя лісты, дыяметр суквецця дасягае 75 сантыметраў.

Пры дакрананні да чалавечай скуры і пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання сок баршчавіка выклікае моцныя апёкі, пасля якіх на скуры застаюцца бурыя плямы. Захоўвацца гэтыя плямы могуць да шасці месяцаў, а ў цяжкіх выпадках – і ўсё жыццё.

Баршчавік Сасноўскага некалі быў завезены ў мінскі Батанічны сад у якасці экзатычнага віду. Сёння гэтая небяспечная для здароўя людзей расліна пачала распаўсюджвацца па ўсёй Беларусі.

Маладыя расліны баршчавіка вельмі жывучыя. У неспрыяльных умовах яны могуць адкласці цвіценне на няпэўны час, аж пакуль не наступіць аптымальны мікраклімат. Цвіценне ранняе, прыстасаванае да самаапылення, таму насенне цалкам выспявае. Разносіцца насенне з дапамогай вады і ветру.

Вось чаму баршчавік Сасноўскага з лёгкасцю займае вялікія плошчы на ўскрайках палёў і лясоў, на палянах, абапал дарог, на берагах вадаёмаў.

Спецыялісты раяць бязлітасна вынішчаць расліну ўсімі даступнымі сродкамі.

Гарадзенскія ўлады заклікаюць жыхароў неадкладна паведамляць пра месцы, дзе будзе заўважаная расліна.