З ахвяры – ў злачынцу
Як паведамілі “Твайму стылю” ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, малады мужчына паведаміў, што каля 23 гадзін на вуліцы Скрынніка ён пацярпеў ад нападу невядомага.Злачынца збіў гродзенца, скраў мабільны тэлефон і барсетку з грашыма.
Следчая група выехала на месца здарэння і пачала працаваць па факце рабаўніцтва, якое лічыцца цяжкім злачынствам. Аднак следчы вельмі хутка заўважыў нестыкоўкі ў сведчаннях “ахвяры”. У выніку мужчына прызнаўся, што ніякага нападу не было, а гэтую гісторыю ён выдумаў, каб патлумачыць сваякам знікненне 200 тысяч рублёў, якія прайграў.
У дачыненні да “ахвяры рабаўніцтва” узбуджана крымінальная справа па артыкуле “ілжывы данос”. Яму пагражае да 2 год турмы.
Сёлета на Гродзеншчыне ўзбуджана ўжо 14 крымінальных спраў па гэтым артыкуле. Людзі, якія праз ілжывыя даносы хочуць вырашыць асабістыя праблемы, часам не падазраюць, што праз такія “жарты” могуць трапіць за краты.