Першыя тыдні ў Гародні або пачатак цікавага знаёмства

|

У Гародню я прыехала каля пяцідзесяці дзён таму. Я вельмі дакладна пералічыла. Засталося каля 240. На працягу гэтых дзён паспеў распачацца і скончыцца найпрыгажэйшы перыяд восені. Выпаў першы снег, і Гародня змянілася некалькі разоў. Прынамсі – для мяне.

 

У дзень майго прыбыцця плюшч, які пакрываў будынак універсітэта, быў такі чырвоны, што я затрымлівалася на вуліцы, каб паглядзець і ніяк не магла наглядзецца. У раёне Новы Свет з-за плоту выглядалі табуны шматкаляровых кветак. Лісце ляжала на вуліцах, а будынкі былі яркіх колераў. Але, здаецца, што заўсёды напачатку так бывае, калі прыязджаеш у новае месца. Бачыш усё ў ярчэйшых колерах.

Прашоў месяц і лісце цалкам апала з дрэў, неба зацягнулася туманам. Тады я ўбачыла вакол веліч жылых будынкаў. Гэта мяне захапляе – дастаткова перасекчы ўсходнюю мяжу Польшчы, а жылыя масівы адразу робяцца больш цікавых формаў. Высокія, вялізныя хмарачосы, віючыся, нібыта вужы, на разнастайных планах. Таксама іх паўкруглыя ці трохкутныя балконы – абавязкова крытыя. І яшчэ – вельмі цікавыя ўпрыгожванні на знешнім баку лесвіцы,  якія я прывыкла зваць “мазаікамі” – дзіўная і своеасаблівая форма ўпрыгожвання шэрага, сумнага, бетоннага шматпавярховіка. Усё гэта прычыняецца да таго, што, здавалася б, звычайны панэльны дом перастае быць сумным і становіцца ўнікальным. І я нават з пэўнай дозай гордасці дасылаю сябрам фатаздымкі з надпісам: “мой раён”.

 

Шпацыруючы па Гародні ў першыя дні пасля майго прыезда, я бачыла прыгожы, еўрапейскі горад. Ён нагадваў мне трохі родны Люблін, ці можа – улюбёную Вільню. Горад такі, якіх шмат у гэтай частцы Еўропы. І з надзвычайнай гісторыяй. Я паглядзела гарадзенскі замак, Каложу, вуліцу Ажэшкі і Савецкую. На жаль, на Савецкай плошчы я змагла толькі ўявіць сябе большасць таго, што там было. Дапамаглі фатаздымкі і цудоўны спадар экскурсавод.

Гародня – у гэтым горадзе кожны перыяд гісторыі пакінуў сваю частку. Сёння можам  захапляцца помнікамі, якія помняць пачатак гісторыі горада, яго развіццё, потым заняпад і зварот да правінцыйнасці. Трохі міжваеннага перыяду. Свой след балюча адціснуў таксама савецкі час.

 

Праз нейкі час я пачала шукаць новых сцяжынак. Зайшла паглядзець “у глыбіню” горада – прайшлася ягонымі завулкамі, зазірнула на падворкі. Мой першы самастойны шпацыр – быў захапленнем гэтым “унутраным” горадам – дэкаратыўнымі, чыгуннымі балконамі, варотамі, драўлянымі надбудовамі. І паўсюднымі коткамі. Зазіраеш у браму і перад табой адкрываецца зусім іншы, новы свет. Пераважае тут самавольства, вяроўкі для сушкі бялізны, крывыя лесвіцы і старыя, драўляныя дзверы і вокны з запыленымі шыбамі.

Нейкі час таму я сустрэла журналіста родам з адной з краін Заходняй Еўропы. Ён вельмі хацеў сустрэцца з мэрам Гародні і запытацца толькі пра адно: “Як вы робіце, што тут так прыгожа?” Мы сустрэлі мэра вельмі занятым, ён паабяцаў ператэлефанаваць і адказаць. Не ведаю, ці яны размаўлялі. Не ведаю таксама, ці журналіст зазірнуў у глыбіню Гародні, па маёй парадзе. Ці ўбачыў штосьці апрача нядаўна нанова пафарбаваных камяніц на Савецкай вуліцы і па-за цэнтрам, дзе, канешне, усё прыгожа, але штосьці не супадае. Быццам занадта свежа. Быццам ненатураьна.

 

Мяне захапляе тое, што за гэтымі брамамі.

 

Канешне, перад прыездам я пра Гародню шмат чаго чула і чытала. Старалася звярнуцца да разнастайнай літаратуры, каб стварыць у сваіх думках пэўны вобраз горада. Не дапамагло.

 

Сапраўды, горад ніколі не з’яўляецца статычным. Можа нам толькі штосьці падавацца, можам спрабаваць ухапіць ягоныя падзеі, развіццё архітэктуры, жыццё. Але ўсё гэта – толькі маленькія элементы, якія ствараюць складаную, зменлівую мазаіку. У ёй  заўсёды штосьці нас здзівіць.

 

У Гародні ёсць штосьці, чаго я ў гарадах гэтага абшару ніколі да канца не зразумею. Ці можа – што заўсёды будзе здзіўляць. Гэта своеасаблівы кантраст. Паміж тым, што даўняе, гістарычнае – прыгожым старым горадам, акуратным, у аднаўленне якого пакладзена столькі грошай. І дварамі, якія схаваныя па-за фасадамі дамоў. З аднаго свету можна акунуцца ў зусім другі. Цалкам свабодна можна таксама перайсці да трэцяга – побач, у савецкія часы, з’явіўся каласальны шэрабетонны будынак. І яшчэ – хопіць прайсці пешкі 5-10 хвілін, каб патрапіць у раён старых, драўляных домікаў ці вілаў, якія памятаюць часы росквіту – з дэкаратыўнымі пад’ездамі, вугламі, мансардамі і прыгожымі агародамі.

 

Мне падабаецца гэтая разнастайнасць. Падабаецца тое, што, у залежнасці ад настрою, можна спыніцца дзесьці і ўявіць, што хочаш. Я ўпэўнена, што першыя гарадзенскія тыдні – гэта толькі пачатак прыгожага знаёмства.

 

Чытайце таксама:

 

Беларускія прыгоды і падарожжы польскіх валанцёрак

 

Чырвоны квадрат на стракатым фоне

 

Нёман: рака-сімвал

 

Свята рэвалюцыі: ці адзначаюць яго гарадзенцы


Пра валанцёрак, якія ездзілі беларускай чыгункай