Ласось з беларускай прапіскай. Апошні шанец караля

З увядзеннем Крамлём эмбарга на заходнія харчы, ці не галоўнымі аб’ектамі жарцікаў і кпінаў сталіся беларускія ласосі, беларускія крэветкі і, скажам, беларускія бананы, якія зухавата замянілі іншых “замежнікаў” на расійскіх крамных паліцах. Між тым, што-што а беларускі ласось сапраўды існуе. І пагатоў з’яўляецца ці не найлепшым, наймацнейшым і найпатрыятычнешым прадстаўніком сваёй папуляцыі. Папросту кароль сярод каралёў!

Калісьці гэтая прыгожая рыба была сапраўдным гаспадаром нашых рэк. У прыватнасці, на каралеўскі стол у Гродне ласося білі практычна пад самай Замкавай гарою, а нёманскія самы, раўнуючы да падводнага прастолу, часцяком адмаўляліся харчавацца хоць нейкай іншай рыбай. Гіганцкую кропку ў гэтай казцы паставілі, аднак, саветы – у выглядзе гідраэлектрастанцыі на Нёмне каля Коўна ды плацін і станцый на Заходняй Дзвіне. І ўжо ў 1960-х гадах лічылася, што пра беларускага ласося можна забыць.

“ЗахАваем рэдкіх рыб разам!” – сумна жартуюць валанцёры

 

Стронга, кумжа і сёмга – усё гэта імёны беларускага ласося. У адрозненне ад першай, кумжа і сёмга ў нашай краіне жывуць не стала: нараджаюцца і гадуюцца тут, а затым сплываюць у Балтыку. Пры гэтым калі кумжа не здолее трапіць у мора, то застаецца ў беларускай вадзе назаўжды і ператвараецца ў стронгу. І наадварот – дастаткова стронзе трапіць у салёныя хвалі, яна буйнее і ператвараецца ў кумжу. А вось сёмга як сапраўдны атлантычны ласось абавязкова павінна сысці ў акіян. Апошні раз яе бачылі ў нашай краіне ў 1954 годзе. Нясмелыя здагадкі пра вяртанне сёмгі ў Беларусь фактамі, аднак, пакуль што не пацверджаныя.

     
 

Валанцёрская праца па захаванні рыбы прыносіць плён

 
     

 

Вяртанне караля

 

Намёт валанцёраў на беразе Тартаку

 

Але на гэтым гісторыя беларускага ласося, на шчасце, не сканчаецца. Адзінае месца ў нашай краіне, дзе ўсцяж можна пабачыць гэтую ўнікальную рыбу – рака Вілія і яе прытокі. Дзікі край беларуска-літоўскага памежжа, зрэзаны чысцюткімі ручаінамі нагадвае сапраўдную амазонскую сэльву. У 2008 годзе мясцовы жыхар Вацлаў Блажэвіч раскрыў навукоўцам таямніцу, хаваную тутэйшым людам увесь гэты час: глыбока ўвосень ласось штогод вяртаецца з Балтыкі ў Беларусь на нераст – туды, дзе нарадзіўся сам і дзе павінен працягнуць свой род.

 

“Раней тут кожны ручай прымаў на нераст, а зараз – толькі адзінкавыя. Вось толькі ў Тартак асобныя заходзяць. А так… Тартак, Сянканка, каля Быстрыцы дзве рачулкі – паўсюль ішоў на нераст ласось, кумжа, – прыгадвае старажыл. – Па памерах… Памятаю, на нашай рэчцы адзін злавіў на дзевяць кілаграм. Але мы тады не разбіраліся: кумжа ці не кумжа – усе называлі “стронгай”. Ну а па шэсць-сем кілаграм – на Сянканцы гэта масава было! Надта ж ласось і кумжа любілі туды заходзіць! Мясцовы рыбак перад хадою ўначы зацягне сетку там, дзе рэчка цішэйшая, перагародзіць – дык тры-чатыры агромністыя махіны і зловіць!”

 

Амаль 700 кіламетраў супраць плыні, скрозь плаціны і бабровыя запруды, засады выдраў і астрогі браканьераў, разлітыя хімікаты і сплытчэлыя перакаты – туды, дзе калісьці нарадзіўся, вылупіўся з ікрынкі гэткай жа пілігрымчыхі-матулі. У час падарожжа прэсная вада змяняе самую рыбіну: кумжа цямнее папросту на вачох, у сёмгі да непазнавальнасці скрыўляюцца сківіцы, ператвараючыся ў гэткую дзюбу.

 

Плаціны абыякавасці і мітуслівасці

 

Астрага і электравудачкі – музей браканьерства ў хаце Вацлава Блажэвіча

 

Агулам, паводле назіранняў, цяпер у Беларусь на нераст заходзяць усяго нічога – каля 70-100 рыбінаў. З усяе “астравецкае амазоніі” найбольш ласосевая – рачулка Тартак. Было б куды больш, цвердзяць валанцёры, якія штогод арганізоўваюць патруль па тутэйшых лясных “лабірынтах”, чысцяць перакаты ад бабровых запрудаў ды палохаюць браканьераў, але…

 

“Цяпер ахова месцаў нерасту ласося падтрымліваецца толькі сіламі грамадскіх арганізацый, – адзначае грамадскі актывіст Анатоль Лоўкіс. Прадстаўнік адразу дзвюх арганізацый – “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і “Экадому”, ён жыве на Тартаку ажно з 20 кастрычніка, ад самага пачатку сёлетняга патрулявання. Перыядычна да маладзёна пад’язджаюць валанцёры з іншых арганізацый, рыбалоўных клубаў ці гэткія “неарганізаваныя” аматары прыроды, як нашая сціплая кампанія.

Аднак высілкаў толькі неабыякавых грамадзянаў – мала. Стварэнне рыбаходаў, увядзенне спецрэжыму для гэтага краю хаця б на час нераставання ласося – гэтага валанцёры аніяк не пацягнуць, паціскае плячыма Лоўкіс: “Цяпер мы займаемся толькі захаваннем генафонду. Каб выйсці на больш сур’ёзны ўзровень: аднавіць папуляцыю, вывесці яе з Чырвонай Кнігі – патрэбная сур’ёзная дзяржаўная падтрымка на ўзроўні стварэння адмысловага заказніку для ласасёвых рыбаў у рэгіёне. Зараз жа аніякай падтрымкі ад дзяржавы фактычна няма…

 

Спадзяюся, што ў нашай дзяржавы некалі хопіць грошай не толькі на лядовыя арэны і атамныя станцыі ды розныя палацы, але і на аднаўленне ласасёвых рыб. Бо для дзяржавы гэта будзе імідж, я думаю, не меншы за Чэмпіянат свету па хакеі, а нават і большы. Бо Чэмпіянат свету доўжыўся два тыдні, а калі аднавіць ласося: кумжу і сёмгу – то гэта будзе на гады.

Анатоль Лоўкіс жыве на Тартаку ад самага пачатку сёлетняга патрулявання

 

Шмат якія рэкі – да прыкладу, Страча і Ашмянка – цяпер туды ласось не заходзіць, таму што там плаціны. А калі зрабіць там рыбаходы, правесці мерапрыемствы і аднавіць заход ласося туды, то гэта будзе, па-першае, біяразнастайнасць. І па-другое, гэта будзе таксама – у перспектыве, вядома ж, не адразу – магчымасць для рыбаловаў-аматараў нейкую колькасць па ліцэнзіі. І не трэба будзе ехаць у Літву альбо Нарвегію… На маю думку, трэба запрашаць новых людзей, каб уваходзілі ў гэты рух. Таму што сітуацыя, якая складваецца на гэты момант – вельмі часта не хапае людзей, каб патруляваць усе рэкі, дзе нерастуе ласось. Канешне, трэба рабіць адбор, каб людзі былі матываваныя і ведалі, куды яны едуць, рыхтаваліся”.

Вось яно – “гняздо” ласося! Спачатку рыбіна раскідвае жвір, у зробленую яміну нерастуе, затым зноўку засыпае ікру жвірам. Выявіць “гняздо” дастаткова проста: пагорыстая пляма на рачным дне адрозніваецца куды святлейшым колерам парушаных каменчыкаў.

 

Зрэшты, адзінага меркавання наконт таго, ці варта ехаць патруляваць нерастовішчы сярод ахоўнікаў ласося няма. На тле міжарганізацыйнай грызні за фінансавае падтрыманне мясцовы вартаўнік Тартаку падкрэслівае, што празмерная мітусня на берагах лясных рачулак адпалохвае не толькі браканьераў.

Мясцовы старажыл і “адкрывальнік” ласося Вацлаў Блажэвіч

 

“Павелічэння зараз няма, але генафонд стабілізаваўся. Але што цешыць, з’явіліся самцы, што было вельмі рэдка. Апошнім часам іх наагул не было. Летась выдра задзёрла аднаго самца кумжы, сёлета – яшчэ аднаго. Прыходзяць такія, па паўтара-два кілаграмы – гэта каторыя па першым разе… – з назіранняў за аднаўленнем папуляцыі “каралеўскай” рыбы Блажэвіч нечакана пераходзіць да крытыкі… валанцёраў. – Справы з ласосем абстаяць – і сказаць, што і дрэнна, і добра – не скажаш!

 

Добра, што крыху аднавілі папуляцыю – шляхам валанцёрскай аховы. А дрэнна тое, што закапаўся ўжо гэты валанцёрскі рух! На рачулку Тартак усе шуганулі – па пятнаццаць чалавек! – а рэкі Сянканка, Газянка засталіся без прыгляду. Там усё перагароджанае бабровымі плацінамі – і няма доступу для нерасту ласося…

 

Але калі прыяжджаць, то толькі – не лазіць па рэчцы, уздоўж яе! Калі толькі дзеля цікаўнасці ці нейкіх іншых падобных мэтаў – вышку пастаў! І хай глядзяць: сучаснае абсталяванне дазваляе сфатаграфаваць і наблізіць – як на далоні будзе! І рыба гэтага адчуваць не будзе, і ўсе нерасты будуць пад наглядам”.

 

Акрамя валанцёрскіх ліхтарыкаў начную цемру па-над Краем Ласося несупынна раздзіраюць і вагні аграмаднай будаўніны пад Астраўцом. Фатальнае відовішча для гэтых дзікіх мясцін. А таму мітусня мітуснёю, а калі атамная станцыя запрацуе, мясцовыя нерастовыя ручаіны сплытчэюць ушчэнт ды пацяплеюць – і аніякіх шанцаў працягнуць свой род у Беларусі ў ласося ўжо дакладна не застанецца.

Фота і відэа аўтара (акрамя першага фота – аўтар Аляксей Луфераў)