Выпадковая сенсацыя
Офрыс насекоманосную сямейства орхідных даследчык заўважыў на балоце Чысцік у Бярэзінскім запаведніку яшчэ 24 чэрвеня.
Алег Созінаў распавёў “Твайму стылю”: “Сфатаграфаваў, калегам сказаў, але яны не паверылі: з дваццаць пятага года ў запаведніку ўсё ўжо даследавана-перадаследавана. Я не стаў настойваць, хаця памыліцца было цяжка, расліна выглядае досыць спецыфічна. Працавалі далей, пасля – наступная экспедыцыя. Толькі вярнуўшыся ў Гродна ўсё пераправерыў і зразумеў, што гэта сенсацыя”.
Гэты від архідэі сустракаецца ў Заходняй Еўропе, Расіі і Прыбалтыцы, дзе занесена ў Чырвоную кнігу.
У Чырвонай кнізе Беларусі наступнага выдання Офрыс насекоманосная таксама з’явіцца. А пакуль Алег Созінаў паведаміў калегам з Бярэзінскага запаведніка месцазнаходжанне расліны. Яны зоймуцца яе вывучэннем, аформяць пашпарт.
Сам гродзенскі даследчык працуе над артыкулам пра сваю знаходку для зборніка навуковых артыкулаў, які ўвосень выйдзе ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі АН Беларусі.
Фота з сайта http://www.molbiol.ru