Аляксандр Куль быў госцем гарадзенскай “Мовы Нанова”
Аляксандр гаварыў на добрай беларускай мове.
На пытанне “Як Вы прыйшлі да роднай мовы” былы спартовец, а цяпер адзін з кіраўнікоў лепшай баскетбольнай каманды краіны адказаў, што і не адыходзіў ад мовы.
Дзяцінства Аляксандра прайшло ў беларускамоўным асяроддзі на Віцебшчыне (карэнні Куля ў Верхнядзвінскім раёне, дзе дагэтуль жывуць яго родныя).
Як прызнаўся госць, у спорт ён прыйшоў досыць позна, а ў дзяцінстве быў досыць нязграбным падлеткам. Пасля таго, як высокага хлопца запрыкмецілі баскетбольныя трэнеры, лёс закінуў Аляксандра ў Мінск, дзе асяроддзе было ўжо рускамоўным.
Затым былі вучоба ў Амерыцы, дзе была добра засвоеная ангельская мова, выступы ў Турцыі і Польшчы (адпаведна вывучаныя турэцкая польская мовы) і ўрэшце вяртанне на Радзіму, якое супала ў значнай ступені і з вяртаннем да беларускай мовы.
Менавіта Куль стаў адным з ініцыятараў перайменавання “Мінска-2006” у “Цмокі-Мінск”.
Менавіта ён неаднойчы публічна выказваўся ў падтрымку беларускай мовы.
Гасцямі заняткаў па тэме “Спорт”, якія праходзілі 8 снежня, былі таксама Уладзімір Хільмановіч (на здымку ніжэй) і Вітаўт Руднік (на здымку вышэй), якія першымі ў Гродне ў сярэдзіне 90-х гг. пачыналі каментаваць футбол па-беларуску.
Акрамя знаёмства з беларускай спартыўнай тэрміналогіяй, удзельнікі заняткаў папрактыкаваліся ў стварэнні “крычалак” у падтрымку спартыўных каманд (гарадзенскіх “Нёмана”, “Гараднічанкі”, “Алімпіі”, а таксама “Цмокаў-Мінск”).
Некаторыя так спадабаліся Аляксандру Кулю, што ён нават запісаў іх у свой нататнік.
У канцы заняткаў Аляксандр адзначыў, што яму вельмі спадабалася на гарадзенскай “Мове Нанова” з-за разняволенай і вясёлай атмасферы, прыемных людзей.
Пасля сканчэння заняткаў гарадзенцы яшчэ доўга не адпускалі госця, зладзіўшы з ім сапраўдную фотасесію.
Наступныя заняткі гарадзенскай “Мовы Нанова” адбудуцца 15 снежня і будуць прысвечаныя калядным і навагоднім віншаванням.
Госцем заняткаў будзе вядомая спявачка Таццяна Беланогая.