Аляксандр Фядута: чалавек большага памеру
“Аляксандр заўсёды быў на памер большым, за іншых: у вучобе, працы, творчасці” – так ахарактарызаваў Аляксандра Фядуту яго сябра маладосці Уладзімір Ляўшук.
Гарадзенцы, якія прыйшлі 12 снежня на прэзентацыю новай кнігі Фядуты, на працягу двух гадзін былі ў палоне магічных гісторый аўтара “Моего маленького Парижа“.
Творчая сустрэча з гарадзенцамі была пабудаваная на прадстаўленні людзей, якія зрабілі вялікі ўплыў на станаўленне асобы Аляксандра Фядуты і сабрала ў зале ДК “Цветліт” каля ста чалавек, чаго ў Гродне не здаралася ўжо даўно.
Любімая настаўніца Вольга Іванаўна, першае каханне другакласніка Сашы Каця Нічыпарук, дырэктарка кінатэатру “Чырвоная Зорка” і заснавальніца кінаклуба “Ракурс” Людміла Грыгарук, кіраўнік тэатральнай студыі Канстанцін Алёхін, сябра Уладзімір Ляўшук, дырэктарка школы №20 Ганна Зылькова, Аляксандр Шчарбакоў, які адказваў у гэтай школе за пазакласную і выхаваўчую працу, былыя вучні.
Аляксандр Фядута разам са сваёй настаўніцай Вольгай Іванаўнай
Кожнаму з гэтых людзей Аляксандр прысвяціў асобную гісторыю, якая дапаўнялася новымі фарбамі, калі пра іх узгадвалі самі гэтыя людзі.
Эпапея з прыёмам маленькага Фядуты ў першы клас школы №15, спроба “суіцыду” ў рачушцы глыбінёй па калена з-за нераздзеленага ў 3-м класе кахання, разнос ва ўніверсітэце за тое, што напісаў у насценгазете ў 1982-м годзе верш “антысаветчыцы і прастытуткі Ахматавай”, начны прагляд у кінаклубе “Ракурс” забароненых фільмаў Анджэя Вайды, двойка сыну будучага кандыдата ў прэзідэнты, а тады высокага партыйнага чыноўніка Сямёна Домаша, апошнія дні жыцця мамы – гэта толькі кароткі пералік цікавых гісторый, які прымушалі залю ўздыхаць, смяяцца, выціраць слёзы.
Гораду, які Аляксандр Фядута назваў “маленькім Парыжам”, так не хапае зараз такіх цікавых і змястоўных творчых сустрэч!
Што ж, лёс сталічнага горада Гродна склаўся не так, як мела быць – скажа з жалем Аляксандр Фядута, узгадаўшы, што ў канцы 80-х Гродна лічыўся ці не самым свабодным горадам у Савецкім Саюзе, дзе і людзі апраналіся крыху лепш, і атмасфера была больш разняволенай.
…Большую частку сваіх гарадзенскіх успамінаў Аляксандр Фядута напісаў у адзіночнай камеры, куды ён патрапіў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Цяпер гэтае месца ён з гумарам называе “домам творчасці”.
– Я так люблю людзей, якія прыйшлі сёння на гэтую сустрэчу, што гатовы правесці ў гэтым “доме творчасці” яшчэ 55 дзён, – скажа расчулены Фядута і дадасць, што вельмі любіць Гродна – горад, куды заўсёды можна ўцякаць у думках, “маленькі Парыж”.
Пасля свайго ад’езду у Мінск ён не раз вяртаўся ў Гродна: як камсамольскі дзеяч, як паплечнік “ранняга” Лукашэнкі і як палітычны апанент прэзідэнта.
Але зараз адбылося вяртанне Фядуты ў горад такім, якім яго тут найбольш любяць. Вяртанне Майстра слова, Настаўніка, Гарадзенца, які ведае і любіць гэты горад і людзей, якія жывуць у ім.