2Е з Гродна: “Эканомім ваду і святло не таму, што мала зарабляем”

Якімі экалагічнымі звычкамі можа пахваліцца творчая сям’я?


Аляксандр: У нас цёплыя вокны. Лямпачкі зберагальныя. Калі я галюся, набіраю ваду ва ўмывальнік. Калі зубы чысцім – ваду выключаем. Што мы яшчэ беражэм? Пакецікі стараемся не выкідаць, лішнія стараемся ў крамах не купляць.


Кацярына: Часам пад смецце выкарыстоўваем старыя пакеты. У нас ёсць спецыяльная варона-пакетніца. Гэта мая мама шыла. Не ведаю, ці гэта ейнае вынаходніцтва, але яна з такой асалодай шые гэтых варон-пакетніц і дорыць іх усім! Смецце, нажаль, асобна не збіраем. Калі пасля гасцей у нас застанецца пару бутэлек з-пад віна, то я іх вынясу. А так у працэсе я ўсё ў адно выкідаю. У мяне маленькая кухня: няма месца для асобных вёдраў. Таксама я, як Паца-Ваца, хаджу ўвесь час, святло выключаю.

Варона-пакетніца

 

Ці ёсць у вас нейкія правілы эканоміі для шопінгу?


Кацярына: Мы ніколі не купляем прадуктаў столькі, каб яны псаваліся. У мяне не бывае 10 ёгуртаў у лядоўні: можа, захачу клубніцы, а можа, маліну, і раптам скончыўся тэрмін прыдатнасці. Нават калі малако скісла – можна аладкі пасмажыць.

 

Я не фанатка побытавай хіміі. У некаторых маіх знаёмых стаіць аднолькавы парашок і ў ваннай, і ў кухні. Я люблю выбіраць адзін універсальны сродак, каб пачысціць усё.

 

Я прынцыпова не набываю сродкі для апалосквання бялізны. Спакон вякоў імі ніхто не карыстаўся, раптам усе такія пяшчотныя сталі (усміхаецца). Хіміі ў мяне мінімальна: для мыцця посуду, мыла для рук (заўжды вадкае) і нейкі парашок. Я і содай, дарэчы, магу пачысціць ракавіну ці кубак.

 

Мільёнаў шкляначак з касметыкай у мяне таксама ніколі не было: шампунь, кандыцыянер, крэм для твару. Я клюю на пакункі колеру крафт. Я зайду ў краму – мне будзе там прапанаваны вялізны выбар, але калі нешта будзе запаканавана ў экалагічную ўпакоўку, то гэты прадукт 100% прыцягне маю ўвагу.

 

Як вы пазбаўляецеся ад рэчаў, якія становяцца непатрэбнымі?


Аляксандр: Вопратку, якая ўжо не падабаецца, альбо знаёмым аддаем, альбо каля сметніцы ў пакет кладзем.


Кацярына: У маёй маці некалькі знаёмых шматдзетных сямей. У іх цяжкі фінансавы стан. Ім вопратка заўжды патрэбна. Альбо аддаю ў дзіцячы дом. У Парэччы, дарэчы, прымаюць без хімчысткі. Я думаю, што тыя, хто мае ўласную машыну, не збяднеюць, калі раз збяруць старыя рэчы і адвязуць тым, каму яны патрэбныя.


Як у вашай працы дапамагаюць эказвычкі?


Кацярына: У нас вельмі вялікі расход паперы. Мы астаткі не выкідаем – адвозім на вёску і топім печку.


Аляксандр: І ўпрыгожваеш толькі жывымі кветкамі. Ніякай пластмасы.


Кацярына: Куфар мой не зачыняецца! Ды каб ты яшчэ бачыла наш падвал! Ну вось што ў мяне ў куфры? Каробка з-пад абутку. Магчыма, на Новы год буду рабіць дэкарацыі на раяль – гэта будзе дом. Застаўся сінтэпон. Хай ляжыць. Нават калі наш сабака разгрызе сваю цацку і адтуль вылезе сінтэпон, я яго збяру і захаваю. Буду рабіць, напрыклад, лялькі-цільды, я гэты сінтэпон выкарыстаю другі раз. Увогуле, люблю рабіць лялькі і дарыць іх дзецям. Мне прыемна, што яны граюць з натуральнай баваўнянай цацкай, а не з кітайскай пластмасай.

 

Льняныя адрэзачкі… выкарыстаю ў дэкоры вяселля. У мяне ёсць калекцыя ў рустыкальным стылі: слоічкі з карункамі, лён – так званы экастыль. Ведаеш, гэта зараз набірае папулярнасць. Пазамінулы год гэта калекцыя шла вельмі слаба, а сёлета – гэта шык сезону. Я вельмі часта працую ў аграсядзібах – там сам Бог вялеў! Я кажу: “Спадарства, мы з Беларусі – нам лён, каласкі трэба выкарыстоўваць. Гэта наша”.

У куфары чаго толькі няма

 

Адкуль у вас такая прага да ашчаджэння рэсурсаў? Вас так выхоўвалі ці вы навучыліся экаправілам самі ў свядомым узросце?


Аляксандр: Таму што мы дзеці ваенных і настаўнікаў!


Кацярына: Што да электраэнэргіі, бацькі прывучылі, бо гэта былі іх грошы. А ўсё астатняе ўжо ў свядомым узросце прыйшло. Прычым гэта не ад сквапнасці, не таму што мы эканомім, мала зарабляем! Чаму я цюбік зубной пасты ці пачак маянэзу буду выціскаць да канца? У нас нават прыстасаванне спецыяльнае ёсць для гэтага – мне сябар са Швейцарыі даслаў. Мне шкада штодзень глядзець, як з двара вывозяць смецце. Я ўяўляю, што яно ўсё дзесьці ляжыць у нашай краіне – там мог бы быць яшчэ адзін горад, там мог бы быць парк – а ў нас гурба смецця! Я лепей выцісну да апошняга і праз год я выкіну не 10 тубаў з-пад пасты, а менш. Пакункі з-пад сока і малака я моцна сціскаю, каб яны проста менш месца займалі.

 

За электраэнэргію мы плацім. Дык навошта купляць лішнюю? Гэта ўсё роўна што тапіць печку і трымаць дзверы адчыненымі. Калі гэта ўсё тваё, ты зусім па-іншаму на ўсё глядзіш. Калі прыязджаем да сябе на вёску, топім печ – дзверы зачыняем, вадзічку з калодзежа носім – лішнюю не паліеш. А ў кватэры, калі сам у рэсурсы нічога не ўкладаеш, абыякава да ўсяго адносішся. А ў мяне ўсё гэта адразу праектуецца і на кватэру.