Гродзенская “Фірма МОКА” не спяшаецца клапаціцца пра маламабільных кліентаў

|

Пытанне, хто павінен вырашаць праблемы “бар’ернага асяроддзя”, займала мяне ўжо даўно. У бясконцым патоку інфармацыі (а цікавасць да гэтай тэмы з боку СМІ і не толькі апошнім часам дакладна павысілася) я спрабавала вылучыць галоўнае: як у цэлым развіваецца сітуацыя ў нашай краіне? Хто вінаваты? І што з гэтым рабіць?

 

 

Каму больш за ўсіх трэба?

 

Аднак раней самой удзельнічаць у акцыях па стварэнні даступнасці інфраструктуры было мне нецікава. Наўрад ці патрэбны энтузіясты там, дзе не пакладаючы рук працуюць розныя грамадскія арганізацыі, ствараюцца спецыялізаваныя дзяржаўныя праграмы, а разам з тым выкарыстоўваюцца немалыя рэсурсы.

 

“Няхай гэтай справай займаюцца прафесіяналы”, – шчыра лічыла я.

 

Вось толькі нягледзячы на павышаную ўвагу да пытанняў “безбар’еркі” змены адбываюцца няхутка. Чаму так, будуць меркаваць іншыя. Але з тым, што гэты факт негатыўна ўплывае на якасць жыцця людзей з абмежаванай мабільнасцю (сталых, інвалідаў, раварыстаў, бацькоў з дзіцячымі каляскамі) – не паспрачаешся.

 

Хочаш зрабіць добра – зрабі сам

 

Па прычыне таго, што прыступкі пры ўваходзе ў магазін “Мока” (вул. Горкага 53) ўскладнялі жыццё непасрэдна мне (перашкаджалі трапіць унутр на інваліднай калясцы), а чакаць яшчэ трыццаць гадоў не хочацца, давялося выкарыстаць дылетанцкі падыход і пашукаць даступныя спосабы вырашэння праблемы.

 

 

Ужо каторы раз, заручыўшыся падтрымкай неабыякавай “дзяўчыны з фотаапаратам” (дарэчы, ахвотныя дапамагчы, знаходзяцца амаль заўсёды), разам з ёй я адправілася даследаваць маштабы “трагедыі”.

Каля крамы мы ўбачылі наступнае:

 

Пандус адсутнічае. Два ўваходы з прыступкамі. Дзве парэнчы вышынёй 98 і 73 см (трэба сказаць, даволі высокія).


Першыя дзверы – 6 прыступак вышынёй ад 8 да 20 см кожная! Агульная вышыня ўсіх прыступак – 66 см.


Другія дзверы – 9 прыступак вышынёй ад 3 да 26 см кожная! Вышыня 1-й прыступкі розная з розных бакоў, бо магазін стаіць на “горцы”. Паміж 3-й і 4-й – вялікая адлегласць, г.зн. даўжыня 3-й прыступкі цэлых 79 см. Агульная вышыня ўсіх прыступак 75 см.

 

Мяне гэта ўразіла! Каб апынуцца наверсе, давялося звярнуцца да дваіх мінакоў-памочнікаў. Цікава, што першым добраахвотнікам апынуўся зусім не мужчына моцнага целаскладу, што не было б дзіўна, а маладая жанчына з дзіцячай каляскай. Мабыць, і яна не раз бывала ў падобных сітуацыях.

 

Гродна для дзіцячых калясак не прыстасаваны

 

Дарэчы, а што думаюць маладыя бацькі аб зручнасці горада ў цэлым і крамаў у прыватнасці?

 

Шчыра кажучы, хадзіць з каляскай у краму я не люблю. Там, дзе няма пандуса, даводзіцца цягнуць яе па прыступках. Яшчэ перашкаджаюць вузкія праходы. Напрыклад, у “Моку” праз касу не праедзеш наогул. Ды і не ва ўсе крамы пускаюць з такой тэхнікай...- распавядае Ірына, маці дваіх дзяцей, у тым ліку дзевяцімесячнай Машы.

 

Разважаючы аб даступнасці гарадской інфраструктуры, жанчына працягвае:

 

Яшчэ не паўсюль зручныя дарогі. Высокія бардзюры. Месцы для спускаў часта таксама высокія або зусім адсутнічаюць. Калі далёка ехаць, то не ва ўсялякі транспарт залезеш. І людзей, якія рады дапамагчы, не так шмат.

 

Так, як я і падазравала, цяжкасці ў перамяшчэнні па нашых вуліцах адчуваюць не толькі людзі з фізічнымі абмежаваннямі.

 

Калі праблема ёсць, яе трэба вырашаць

 

Вось так, на канкрэтным прыкладзе, я яшчэ раз пераканалася, што людзей, якіх хвалюе адсутнасць “даступнага асяроддзя”, значна больш, чым здаецца на першы погляд. Таму мы – адчайныя энтузіясты – сабралі вялікую колькасць фотаздымкаў, якія дэманструюць мае спробы “заехаць” у будынак на інваліднай калясцы, і адправілі іх разам з калектыўным зваротам на імя генеральнага дырэктара “Фірмы МОКА”. Менавіта ён павінен быў вырашыць “нязручную” сітуацыю.

 

 

Адказ на зварот зводзіўся прыкладна да наступнага: “Мы спачуваем Вам, стараемся, як можам, назапашваем рэсурсы для правядзення рэканструкцыі будынка, а таксама і будаўніцтва пандуса ў 2015-2016 гадах за кошт уласных сродкаў, якіх на дадзены момант не маем”.

 

Акрамя таго, нам даходліва патлумачылі, што рашэннем гарвыканкама “Фірма Мока” не ўключана ў праграму па стварэнні “безбар’ернага асяроддзя” на 2011-2015 гг., а такім чынам не абавязаная накіроўваць на яе рэалізацыю ўласныя рэсурсы.

 

Незадаволеныя празмернай “расплывістасцю” адказу, мы напісалі паўторны ліст, аднак новай для сябе інфармацыі ад адміністрацыі крамы так і не атрымалі.

 

Што далей?

 

Па якой прычыне “Фірму Мока” не ўключылі ў праграму па стварэнні “безбар’ернага асяроддзя”? А таксама калі канкрэтна будзе праведзены рамонт будынка і, адпаведна, будаўніцтва пандуса? Спадзяюся, што супрацоўнікі гродзенскага гарвыканкама, якім будзе адрасаваны чарговы ліст, напэўна, змогуць адказаць на ўсе хвалюючыя мяне пытанні.

 

Ганна Яшына, часопіс “Молоко”

Фота i пераклад Таццяны Смыкоўскай