Беларускія Каляды ў Гродне: учора і сёння
Менавіта тады ў Гародні паўсталі першыя нелегальныя беларускія школкі, а пазней, з 1915 года – першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі беларуская школа, якая праіснавала да дваццатых гадоў дваццатага стагоддзя.
Сёння ў нас няма дастаткова звестак пра беларускія калядкі ў Гародні таго часу, а сама тэма беларускіх святаў таго перыяду патрабуе спецыяльнага вывучэння.
Нанова традыцыю беларускіх калядак у горадзе распачала яшчэ ў канцы васьмідзесятых гадоў легендарная гарадзенская арганізацыя “Паходня”. Я шчаслівы, бо паспеў два гады нават паўдзельнічаць у тых калядаваннях!
Пазней даволі працяглы час традыцыю калядаванняў працягваў хор “Бацькаўшчына”, які быў створаны на базе “Паходні” і першапачаткова складаўся з пахаднянцаў.
Некалькі год запар беларускія каляды паралельна з хорам ладзіў грамадскі актывіст Ігар Лапеха, які ўдзельнічаў як у першых пахаднянскіх калядаваннях, так і ў калядаваннях хору “Бацькаўшчына”.
Апошнія некалькі гадоў традыцыя беларускіх калядак падхоплена моладзевымі ініцыятывамі і грамадскімі аб’яднаннямі. Але аснова – базавы сцэнар калядак, адпрацоўваўся яшчэ Верай Васільеўнай Кунцэвіч (кіраўніцай хору “Бацькаўшчына”) і Ігарам Лапехам ад пахаднянскіх часоў.
Пра пачаткі беларускіх калядаванняў у канцы васьмідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя гутарым з асобамі, якія падтрымлівалі і ўкаранялі калядную беларускую гарадскую традыцыю некалькі апошніх дзесяцігоддзяў.
Мікола Таранда, былы старшыня легендарнай гарадзенскай «Паходні»:
– «Я дакладна не памятаю, калі пачаліся беларускія калядаванні ў Гародні, столькі часу мінула…
Здаецца, гэта быў снежань 1986 году, калі мы, некалькі гарадзенцаў, былі на з’ездзе беларускіх суполак у Менску. І акурат тады ўвечары нас запрасілі на імпрэзу, прысвечаную аднаўленню беларускіх Калядаванняў.
Праводзіла гэтую імпрэзу спеўная група, якой кіравала Віалета Яфіменка.
Адразу знаёміліся мы там не толькі з Калядаваннем, але і з Купаллем. Здаецца, мы тады акурат рыхтаваліся да святкавання Калядаў 1986-1987 гадоў. Але, далібог, не памятаю, ці паспелі падрыхтавацца на тую зіму да калядаванняў.
У 1987-88 годдзе дакладна Каляды памятаю і пазней ў 89-м. Так што пахаднянцы пакалядавалі тры гады ці два.
А пазней ужо Вера Васільеўна ўзяла ініцыятыву на сябе з хорам «Бацькаўшчына».
Песні развучвалі самі, віншаванні падбіралі. Я сам збіраў і запісваў у сваёй вёсцы калядкі.
Напрыклад:
На нова лета хай родзіць жыта
Шчодры вечар, багаты вечар,
Жыта-пшаніца ўсякая пашніца
Шчодры вечар, багаты вечар…
Гэтую калядку я запісаў асабіста ад старых у сваёй вёсцы і прывёз сюды. На калядах 1988-89 гг. – мы яе дакладна спявалі.
Нейкі сцэнар у нас быў, але на першае калядаванне, памятаю павывучвалі абы-якія песні…
Толькі некалькі было калядных, а так і “Дробну-драбніцу” нават спявалі. Праўда віншаванняў і розныя вітальных словаў і прасілак – поўна павывучвалі:
– “Каб у вашых свіней хвасты як бічы – каб было за што браць ды за плот валачы…”
– “Залезь на баляску – дастань каўбаску”…
На першых Калядах было чалавек з дзесяць, але? на жаль? усіх адразу не магу прыгадаць.
Казы ў нас не было, але на Rалядах 88-89 гадоў дакладна многія былі ў вышыванках.
З Беластоку на першыя, здаецца, Каляды прыехаў Ян Мордань і ён рабіў нам Калядную зорку і з намі хадзіў калядаваць.
Хадзілі пераважна па хатах пахаднянцаў, але заходзілі і ў хаты да чужых людзей. Прымалі нас вельмі добра ў любой хаце. І кожны спрабаваў добра нас падпаіць.
Памятаю, што хадзілі калядаваць у восьмую гарадзенскую школу, а пахаднянец Лёнік Гевойна даставаў дзецям цукеркі, бо тады ўжо было цяжка іх знайсці, а ён неяк знаходзіў.”
Вера Васільеўна Кунцэвіч, кіраўніца хору “Бацькаўшчына”:
– «Каталіцкія Каляды 91-га сталі пачаткам Калядаванняў хору “Бацькаўшчына”. З таго часу хорам мы калядавалі доўга. Толькі каля пяці апошніх год не калядуем.
Усіх, хто з намі калядаваў і не прыпомню. Але дакладна былі не адзін раз: Ігар Лапеха, Кастусь Жынь, Юры Тарасевіч, здаецца і зорку калядную першую ён рабіў, Святлана Іоська, Амялішка Міхась Васільевіч…
Сцэнар і асноўныя спевы бралі з дапаможніка Міколы Куліковіча-Шчаглова. Але шмат змянялі. Змены ўносілі кожны год і ў спевы і ў віншаванні і ў зычэнні.
Шмат да сцэнару дадаваў Ігар Лапеха.
Самі складалі калядкі. Напрыклад, Уваходная песня, якую сёння ў Гародні на беларускіх калядках практычна ўсе спяваюць:
Дзень добры, дзень пане гаспадару.
Каляда-маляда ды калядачка…
– гэта я прыдумала і апрацавала.
Касцюмаў спецыяльных калядных у нас не было. Стылізавалі вопратку пад народную традыцыйную, рожкі, нейкія ножкі…
У казы, здаецца, маскі не было…
Што браць за аснову – сялянскую традыцыю калядавання ці гарадскую – нават не задумваліся. Больш бралі з таго, што самі памяталі ці бачылі, у чым іншыя нашы калядоўшчыкі прымалі ўдзел у вёсках дзецьмі.
У той час аддзяліць пахаднянцаў і хор было немагчыма, таму гэтыя нашыя калядкі адначасова і пахаднянскія і хораўскія былі.
Хадзілі па хатах. На праваслаўныя Каляды 91-92-га году ўпершыню выйшлі ў горад. Калядкі спявалі ў аўтобусах і тралейбусах. Весела было! Цяжка перадаць! Хто з намі спяваў, хто танчыць пачынаў, а хто і хаваўся…
Яшчэ рыхтавала калядкі з беларускімі скаўтамі ў Парэччы і там яны ў пансіянаце калядавалі.
А самае, што мне запомнілася, то гэта каляды як я цяжарная была. А сама казу грала, а да таго баян з сабой цягала. Той год думала хоць бы мне не «акаціцца» на Каляды!»
Ігар Лапеха, пахаднянец і ўдзельнік хору “Бацькаўшчына” (на здымку зправа):
– «Я калядаваць пачаў яшчэ з “Паходняй”, праўда, не памятаю, ці быў на першыя Каляды, ці на каторыя я там ужо прыйшоў…
А вось з хорам «Бацькаўшчына» калядаваў вельмі доўга. Практычна ўвесь час быў казой. Маска казы не заўсёды была, але адну памятаю – была зроблена з картону, вобручам замацоўвалася на галаве і закрывала палову твара.
Перыядычна ў нас з’яўляўся мядзьведзь. Здаецца, Парфёненка ў нас быў мядзьведзем. Цыганы, памятаю часам былі.
Зорак я зрабіў мо якіх з восем за ўвесь час маіх калядаванняў. Часта даводзілася рамантаваць, а то і рабіць новую на новы сезон.
Былі і зусім простыя і вельмі складаныя зоркі. Памятаю адну з нерухомай іконкай у цэнтры зоркі, а сама зорка круцілася.
У час, пра які я расказваю, я яшчэ працаваў у Гарадзенскай школе №27, якая цяпер стала Ліцэем №1. Гады з чатыры я там ладзіў Калядкі. Штогод набіраў 5-8 калядоўшчыкаў са школьнікаў. Праўда, па хатах мы не хадзілі. Калядавалі толькі па класах у школе і ў “Палацы дзяцей і моладзі”. Накалядоўвалі, у асноўным, цукеркі, а потым збіраліся калядоўшчыкамі і пілі гарбату з тымі цукеркамі.
Было файна, ды і дзеці да беларушчыны прыцягваліся.
Касцюмы рабілі з таго, што знаходзілі. Кажухоў не было, то курткі з падкладкай на левы бок выкручвалі. Стылізавалі неяк пад народную вопратку.
Памятаю адзін год былі ў нас Анёл і Д’ябал, бо мы тады яшчэ і батлейку ладзілі. Сцэнар напрацоўвалі самі, але за аснову бралі тое, што было ў “Паходні” і ў хоры. Карысталіся рознымі дапаможнікамі, метадычнымі зборнікамі, распрацаванымі ці то Міністэрствам адукацыі ці то Міністэрствам культуры.
Такі зборнічак, як «Земляробчае кола святаў», метадычкі па арганізацыі школьных мерапрыемстваў… З тых зборнікаў і матэрыяла бралі словы ці калядныя песні. Сцэнар моцна не змянялі.
Са школьнікамі мы арыентаваліся на просты ўтылітарны бок Калядаў – здабыць каляду. Для мяне асабіста было важна, што ўсё дзейства адбываецца на аснове старых беларускіх традыцый».
Ужо ў пачатку ХХІ ст. да арганізацыі калядаванняў далучыліся сябры “ВІТа”, “Цэнтру “Трэці сектар”, іншых арганізацый і ініцыятываў.
І гэта былі калядкі арганізаваныя па ўжо адпрацаванаму раней гарадзенцамі сцэнару, але з зусім новымі калядоўшчыкамі.
Як нарадзіліся і падраслі да трох год мае сыны, я яшчэ раз вярнуўся да беларускіх калядак. Было гэта гадоў восем таму.
Тады я меў вельмі простую мэту: далучыць сваіх сыноў да беларускіх традыцый, раз я ў іх выхоўваў беларускасць.
Менавіта тады ў Яўгена Блудава і яго жонкі я заказаў для “дарослай групы” зорку і маскі з саломкі. І яны стварылі цудоўныя маскі Казы, Чарцяняці, Механоша, Жаўнера, Мядзьведзя, двух маленькіх Медзьведзянятаў (для маіх малых) і Баранчыка.
На наступны год Блудавы зрабілі другую, больш трывалую зорку і яшчэ адну маску Казы (для другой групы).
Калядавалі ў той год дзвюма групамі моладзі. За аснову ўзялі сцэнар Ігара Лапехі.
У гэты час вельмі актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Калядаў Юры Седзянеўскі (на здымку ніжэй), які меў свае інтарэсы ў калядаванні і наколькі я гэтыя інтарэсы зразумеў – стараўся разабрацца, як інжынер, у Калядах як тэхналогіі і стварыць умовы для ўстойлівасці традыцыі.
Пазней Юры ўзяў на сябе асноўную арганізатарскую функцыю па падрыхтоўцы калядоўшчыкаў і правядзенні беларускіх калядаў.
Шмат дапамагалі Ігар Лапеха і, канешне ж, Вера Васільеўна.
На наступны год, здаецца, я зрабіў Кароткі дапаможнік калядоўшчыка і пачаў прымаць ўдзел у калядаваннях то з адным, то з другім сынам толькі як актыўны ўдзельнік.
А ў гэтым годзе вырашыў падрыхтаваць самастойную дзіцячую групу калядоўшчыкаў.
Новую традыцыю беларускіх калядаў у Гродне пачала “Паходня”, “Бацькаўшчына” дапрацавала форму правядзення, а выкананне калядак зрабіла амаль прафесійным.
Цяпер гэтае святкаванне пачалі разглядаць не столькі як вясковую ці рэлігійную традыцыю, але і як спосаб камунікацыі з грамадствам, як спосаб данясення беларускіх каштоўнасцей і спосаб далучэння маладых людзей да беларушчыны.
Але найбольш каштоўным стала тое, што эстафета арганізацыі і правядзення беларускіх Калядаў на каталіцкае і праваслаўнае Раство пачало перадавацца ад адных людзей да іншых.
Прыдзе час і малыя калядоўшчыкі будуць расказваць, як самі калядавалі ў Гародні.
І гэта дае надзею, што беларускія каляды пераўтворацца ў самастойную Гарадзенскую традыцыю.
Фота з архіву Ігара Лапехі і рэдакцыі “Твайго стылю”
Чытайце таксама:
Малыя гарадзенскія калядоўшчыкі: гісторыя новых беларускіх калядаў у Гародні