Фотафакт: тэст пандуса ля ўваходу ў гродзенскі магазін “Журавінка”
Наступіў 2015-ты, і праграма “аб безбар’ерным асяроддзі жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб” да гэтага часу не рэалізавана ў поўнай меры… Але, відавочна – прагрэс ёсць.
Сёння я маю намер даказаць, што пандус, усталяваны пры ўваходзе ў краму “Журавінка” па адрасе БЛК, 24, зручны і бяспечны. Ці змагу я гэта зрабіць?
На пачатку варта прызнаць, што ўваход у будынак адпавядае агульнапрынятым стандартам. Даўжыня пандуса складае 743 см, што цалкам дапушчальна пры яго 40-санціметровай вышыні. Перад пандусам ёсць гарызантальная пляцоўка памерам 7х6 м.
Пачынаю рух наперад і адразу ж сутыкаюся з перашкодай. Пярэднія колы маёй інваліднай каляскі ўпіраюцца ў нядбайна пакладзены кавалак тратуарнай пліткі. Яна выступае над пляцоўкай у некаторых месцах на цэлых тры сантыметры.
Ад’язджаю трохі назад і тут жа натыкаюся на невялікі бугарок, які неймаверна ўскладняе пастаўленую задачу.
Карацей, нягледзячы на спробы падцягнуць сябе, трымаючыся рукой за поручні (спрабавала карыстацца як верхняй, так і ніжняй іх планкай), я не змагла адолець гэты пандус з першага разу.
Але я вырашаю не здавацца. Спрабую ізноў. Старанна даследую ўвесь адрэзак дарогі – важна выбраць правільную траекторыю руху. З цяжкасцю, але мне ўдаецца пераадолець невялікую горачку на пачатку шляху, пра якую я ўжо згадвала. Іншыя патэнцыйныя перашкоды на гэты раз аб’язджаю амаль прафесійна. Як ні круці – вопыт.
Хоць і павольна, але я ўсё ж наверсе. Нахіл пандуса ацэньваю, як прыдатны. Рух колаў таксама не быў цяжкім. У цэлым, уся паверхня пандуса досыць роўная. З’язджаючы ўніз назад нават змагла трохі адпачыць. Ад мяне не спатрэбілася нават самых мінімальных намаганняў.
І ўсё такі, ці можна пандус ля ўваходу ў магазін “Журавінка” аднесці да прыкладаў станоўчых? Хутчэй так, чым не. Асноўныя патрабаванні “даступнасці” былі тут улічаныя. А мае няўдалыя спробы скарыстацца заездам можна звязаць з недастатковай фізічнай падрыхтоўкай або з адсутнасцю падобнага вопыту.
Ганна Яшына, часопіс “МолоКо”
Фота i пераклад Таццяны Смыкоўскай