Друскенікі – там, дзе перастаеш спяшацца
Сёння гэтае невялікае мястэчка ў паўднёвай частцы Літвы вядомае як адзін з найлепшых курортаў у Еўропе.
З даўніх часоў людзі прыязджаюць сюды адпачываць і лячыцца у санаторыі.
З нядаўняй пары папулярным месцам для гасцей стаў таксама сучасны аквапарк, які прываблівае мноствам атракцый.
З Друскенікамі звязана гісторыя многіх славутасцяў.
Напрыклад, Юзаф Пілсудскі сканчаў тут працу над сваёй кнігай “1920 год”. Тут у 1924 г., падчас знаходжання на курорце пазнаёміўся з лекаркай Яўгеніяй Лявіцкай, з якой сябраваў доўгія гады.
Друскенікі прапануюць сёння шматлікія паслугі, звязаныя з аховай здароўя, а таксама прывабліваюць цікавай архітэктурай і помнікамі.
Вялікім козырам горада з’яўляюцца вялізныя паркі і лясы, якія ствараюць цудоўныя ўмовы для шпацыраў.
Хаця ідэальным сезонам, які спрыяе шпацырам па лясах, з’яўляецца вясна і лета – калі навокал шмат зялёнага, зімовая аўра таксама надае гораду непаўторнай атмасферы.
Сапраўднасць прыроды можна таксама адчуць, шпацыруючы ўздоўж марудна нясучага свае хвалі Нёмана.
Адным з цікавых помнікаў з’яўляецца блакітна-белая царква ў Гонар Абраза Прасвятой Багародзіцы Усіх Смуткуючых Радасць.
Невялікі храм, дзякуючы палітры і багатым аздабленням прыцягвае асаблівую ўвагу турыстаў.
Тое ж можна сказаць і пра неагатычны Касцёл Маці Божай Шкаплернай.
Аднак найбольшую адмсетнасць Друскенікам надаюць старадаўнія драўляныя дамы.
Гэтыя чароўныя па сваім выглядзе пабудовы нібы пераносяць у думках у іншую эпоху.
Напэўна як і іншым людзям, мне падабаецца шукаць параўнанні паміж рознымі гарадамі. Друскенікі сваёй драўлянай архітэктурай нагадалі гарадзенскія вілы Новага Свету і яшчэ – Сопат – польскі горад, які ляжыць на Балтыйскім моры.
Другая асацыяцыя прыйшла ў галаву не толькі з-за архітэктуры 19-20 стагоддзяў у альпійскім стылі, але таксама таму, што абодва гарады – тыповыя невялікія курорты, якія ахвотна наведваюцца многімі турыстамі.
У Друскенікі прыязджаюць найперш турысты з Беларусі, Польшчы і Расіі. Калі шпацыраваць вулкамі горада або рабіць пакупкі ў супермаркеце, пачуць можна збольшага рускую мову. Але прысутнасць турыстаў не парушае аўры горада, таму што ў Друскеніках уражвае спакой.
Той, хто ў выходныя шукае моцных уражанняў, павінен абраць іншае месца. У Друскенікі варта прыехаць, каб cупакоіцца, адпачыць ад мітусні вялікіх гарадоў.
Гэта ідэальнае месца, куды можна паехаць на адзін дзень, а тое і на некалькі гадзін. Гэта месца, дзе ёсць магчымасць спыніцца і падумаць.
Фота аўтаркі
Пераклад на беларускую: Вольга Галецка
Чытайце таксама:
Беларускія прыгоды і падарожжы польскіх валанцёрак
Чырвоны квадрат на стракатым фоне
Свята рэвалюцыі: ці адзначаюць яго гарадзенцы
Пра валанцёрак, якія ездзілі беларускай чыгункай
Першыя тыдні ў Гародні або пачатак цікавага знаёмства
З Гдыні ў Гародню: па шляхах мадэрнізму і канструктывізму