Другое жыццё навагодніх елак – вопыт адной гарадзенскай сям’і

Чарговы зімні месяц скончыўся, так і не парадаваўшы зімовай атмасферай – снегам, завірухай, маразамі і катком. Магчыма з-за смутку па святах некаторыя людзі не выкідваць ялінкі адразу пасля праваслаўных Калядаў, і нават сёння можна бачыць уключаную святочную ілюмінацыю па кватэрах і крамах.

 

Але ялінку можна і не выкідваць зусім, а зрабіць яе часткай інтэр’еру альбо інсталяцыяй. Падзялюся з вамі адным з такіх рашэнняў.

 

Мінулая ялінка, купленая ў снежні 2013, спачатку была жывой звычайнай елкай. Пасля святаў мне стала шкада з ёю развітвацца, і я задумала праект (месца ў кватэры на круглагадовы дызайн хапае). Ялінка пасохла, ігліцу абтрэслі, падстрыглі і вырашылі штомесяц аздабляць яе ў новы строй, адпаведна святам ці падзеям бягучага месяца. Была яшчэ экалагічная ўмова – матэрыял павінен быць не новы. Таксама было вырашана максімальна задзейнічаць дзіцячую працу – сыну было 4 гады і ён з радасцю праявіў сябе ў гэтай творчасці.

 

1. Студзень. Ялінка ў сваім класічным строі.

 

2. Люты. Зразумела – Святы Валянцін. Сэрцы печаныя, вязаныя, папяровыя і жалацінавыя. Жоўтыя сэрцы выразаў сын з паддонаў ад курынага мяса.

 

3. Сакавік – жаночае свята. Цюльпаны з сурвэтак і цукерак.

 

4. Красавік. Мае народзіны. Цвіценне сакуры. Сурвэткі.

 

5. Травень. Майскія святы. Сакура аказалася настолькі ўдалым праектам, што мяняць яе не паднялася рука. Сын давесіў уласнаруч намаляваных плакатаў. Адзін з іх – упершыню напісанае ім слова “Беларусь” (аднекуль сам спісаў).

 

6. У чэрвені брацкая Украіна правяла выбары і ў першым туры выбрала прэзідэнта. Ялінка аздобілася ў нацыянальныя сцягі і цукеркі “Рашэн”.

 

7. Ліпень быў аздоблены вусенем з гузікаў.

 

Далей ялінка… стала ахвярай украінска-расійскіх адносін і была выкінутая мужам у парыве гневу без майго ведама. А ў планах былі джынсавая, яблычная, кляновая, плюшавая і падарункавая ялінкі. Думаю, пражыўшы з намі ўвесь мінулы год, яна б засталася і на гэты. А так – уяўляю здзіўленне суседзяў, якія ў жніўні на сметніцы ўбачылі елку!

 

Сустракаць 2015 год мы вырашылі з па-сапраўднаму экалагічнай елкай. Галіны былі выразаныя з рэшткаў шпалераў, цацкі старыя, з новага – толькі ўласнаруч звязаныя ялінкі. Сасновыя шышкі, пакрытыя шэранем з солі – ад збору шышак да вырабу насычанага раствору солі і мацавання іх на ялінцы – праца 5-гадовага сына.

 

“Зялёны Партал Гродзеншчыны” праводзіў конкурс на эка-ялінку і узнагародзіў нас адмысловымі экалагічнымі падарункамі.

 

Гэта вельмі захопліваючы працэс – стварэнне СВАЁЙ ялінкі. Асабліва, калі ў гэтым спалучаецца творчасць і экалагічнасць.