Ул.Хільмановіч: «Беларускае золата – гэта сляды дзейнасці нашых людзей па ўсім свеце»
На сустрэчу з гарадзенскім краязнаўцам і публіцыстам завітала каля 70 чалавек.
У кнізе «Беларускае золата» прадстаўлены 120 нарысаў, якія прагучалі на хвалях «Беларускага Радыё Рацыя».
Першы з іх прысвечаны крыжу Еўфрасінні Полацкай, апошні – Плошчы-2010.
На думку аўтара, нягледзячы на трагедыю дня, менавіта падзеі Плошчы – апошняя заваяваная каштоўнасць беларусаў.
Пра тое, што хаваецца за назвай кнігі, разважае Уладзімір Хільмановіч: — Беларускае золата – гэта зямля дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў і яцвягаў, гэта крыж Еўфрасінні Полацкай і Тураўскае Евангелле, гэта настальгія Вільні і загадкі Нясвіжа, гэта паланэз Агінскага і раманс «Зорка Венера», гэта сляды дзейнасці нашых людзей па ўсім свеце.
“Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны” Уладзімір Хільмановіч называе маленькай энцыклапедыяй, праца над якой пачыналася яшчэ ў газеце “Пагоня”.
Выхаду даведніка ў свет паспрыяла выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”.
Пасля прэзентацыі гарадзенцы маглі задаць свае пытанні аўтару і атрымаць аўтографы.