“Усе любяць шакалад”. У Гродна ізноў прыехала салодкая выстава

|

Сама ідэя выставы ўзнікла ўласна з любові – да салодкага, да шакаладу.

 

“Шакалад – гэта набытак чалавецтва, які практычна ў 99,99 % дае задаваленне” – з такіх словаў адкрылася імпрэза ў гарадзенскім замку. Як гаворыць аўтар скульптур, шакалацье Мікалай Папоў (на фота ніжэй), “нават калі хтосьці гаворыць, што не любіць шакаладу, ён усё роўна яго есць”.

 

Госці, якія прыйшлі на адкрыццё, маглі не толькі паглядзець на выкананыя з салодкай масы скульптуры, але таксама паспрабаваць рознага віду шакалад.

Прысмак знікаў хутка падчас агляду зброі, партрэтаў, кніжак, жывёл ці шахматаў выкананых цалкам з шакаладу.

 

Хаця сапраўднай радзімай шакаладу з’яўляецца Паўднёвая і Цэнтральная Амерыка, дзе выраблялі яе ў даўнія часы майя і ацтэкі, Беларусь сёння таксама можа ганарыцца смачным шакаладам – усе фігуры, паказаныя на выставе, зробленыя з шакаладу выключна беларускай вытворчасці.

 

Гродна з’яўляецца першым горадам Беларусі, у якім у гэтым годзе адкрылася такая выстава.

 

Раней шакаладныя фігуры паказвалі ў шматлікіх гарадах Украіны, Беларусі і Расіі.

 

Выставу можна глядзець у Новым замку да 15 сакавіка.