Новую асветніцкую праграму плануюць стварыць у Гродне (дадалося відэа)
Гэтая праграма можа базавацца на прынцыпах Беларускага калегіюма, які ўжо даўно працуе ў Мінску.
Беларускі калегіюм у Мінску быў заснаваны з 1997 г. і прапануе розныя навучальныя курсы – па журналістыцы, філасофіі, паліталогіі, гісторыі.
Стваральнікі ідэі – гісторыкі Вячаслаў Швед і Сяргей Салей прадставілі асновы канцэпцыі праграмы.
– “Мы бачым у першую чаргу патрэбу развіцця гістарычнай адукацыі, думаем, што гэта ўмацуе нашыя гістарычныя кадры, якія ўжо не працуюць на гістарычным факультэце” – адзначыў у час сустрэчы прафесар Вячаслаў Швед (на здымку ніжэй зправа).
Ініцыятары стварэння новай грамадскай асветніцкай пляцоўкі плануюць таксама актыўна развіваць прававую адукацыю, ладзіць цэлы шэраг спецкурсаў і практыкумаў па гродназнаўстве, краязнаўстве, гісторыі мовы, літаратуры, мастацтве, філасофіі.
Цікавай ідэяй, пра якую расказалі на сустрэчы, з’яўляецца таксама стварэнне кансультацыйнага пункту, які б дапамагаў напісанню дысертацый.
Акрамя асветніцкай дзейнасці, плануюцца таксама выданне турыстычных брашур, стварэнне гарадзенскай энцыклапедыі, працу з беларускай Вікіпедыяй.
Як распавёў Сяргей Салей, “магчымасць атрымаць дадатковую адукацыю у сферы гісторыі, сацыяльных навук з’яўляецца вельмі важнай. Пытанне у тым, наколькі гэта запатрабавана гарадзенскай супольнасцю”.
У час сустрэчы адбылася таксама лекцыя пра беларускае летазлічэнне, якую прачытала прафесар Святлана Куль-Сяльверстава.
Яна прадставіла таксама сваю кнігу “Беларускі час”.
Фота і відэа Ірыны Новік