Каханне па-старабеларуску

Пра інтымныя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі ў ВКЛ Наталля Сліж распавяла на прыкладзе некалькіх пластоў грамадства: шляхетства, мяшчанства ды сялянства.

Што такое “кахаць па-шляхецку”? Гэта азначала, што побач з табою чалавек, які, калі спатрэбіцца, падтрымае цябе, зоймецца тваімі справамі, пазычыць грошаў, дапаможа разабрацца з маёнткам.

 

Каханне мела матэрыяльнае вымярэнне, і, калі напрыканцы свайго жыцця мужчына запісваў за жонкай маёмасць, гэта азначала, што жыццё ў іх было добрае. Асабліва такое каханне цанілі ў апошнія гады жыцця, калі чалавек быў стомлены хваробамі, і яму патрэбна была дапамога.

У гэтым і быў практычны сэнс кахання: ў любым выпадку побач муж або жонка, на якога або якую можна абаперціся і заўсёды звярнуцца за дапамогай. Цікава, што пазней, у 18 стагоддзі, сярод шляхты было нармальнай з’явай называць сям’ёй не толькі мужа і жонку, але і каханак. 

Звесткі аб сялянскім каханні можна знайсці ў беларускім фальклоры: ў народных вершах і песнях, прычым гаварыцца пра каханне там можа як адкрытым тэкстам, так і з выкарыстаннем метафарычных вобразаў.