Пазітыўна пра здароўе, або новыя магчымасці беларускай мовы
На курсах “Мова Нанова Гародня” правялі заняткі, на якіх пазнаёмілі слухачоў з асноўнымі паняццямі, неабходнымі для паходу да лекараў.
Экспертам па тэме выступіў мінскі анастазіёлаг-рэаніматолаг Андрэй Вітушка (на здымку вышэй), які і ў сям’і, і на працы, размаўляе на беларускай мове, ад якой, як прызнаецца лекар, ён ніколі і не адыходзіў.
На сустрэчы з гарадзенцамі Андрэй распавёў, што такое прысенні і шлуначкі, адкуль у нашай мове ўзяліся такія назвы, як “сухоты” і “ныркі”, і чым адрозніваецца ўрач ад лекара.
Госць шмат жартаваў і ўздымаў усім настрой цікавымі гісторыямі з уласнага досведу.
“Магчымасці беларускай мовы ва ўвядзенні псіхафізічнага канфузійнага трансу ўвогуле бязмежны”, — з такой незвычайнай фразай псіхатэрапеўта Сарокіна пазнаёміў студэнтаў курсаў Андрэй Вітушка.
Гарадзенцам настолькі спадабалася гэтае выказванне, што шмат хто папрасіў паўтарыць яго, каб занатаваць і ў будучым ужываць у жыцці.
Завяршыліся заняткі пазітыўным выступам гурта Navi.
“Музыка Сонца”, – менавіта так Арцём і Ксюша апісваюць сваю музыку.
У Гародні яны выступаюць ужо ў трэці раз.
На курсах “Мова Нанова Гародня” Navi выканалі песні як са свайго дэбютнага альбому, так і больш новыя – з беларускамоўнага альбому “Сонцам сагрэтыя”, што выйшаў напрыканцы 2014 году.
Заняткі бясплатных курсаў “Мова Нанова Гародня” праводзяцца штопанядзелак а 19 гадзіне на вул.Будзённага, 48а-63 і збіраюць разам гарадзенцаў, якія хочуць палепшыць свае веды беларускай мовы і добра й пазнавальна правесці вечар.
За навінамі можна сачыць у суполках https://vk.com/mova_nanova_harodnia і https://www.facebook.com/movananovaharodnia