“Мова Нанова Гародня” прысвеціць заняткі Рыгору Барадуліну (відэа)
24 лютага Рыгору Барадуліну споўнілася б 80 гадоў, але, на жаль, паэт пайшоў з жыцця 2 сакавіка 2014 года, так і не дажыўшы да свайго юбілею.
У госці да гарадзенцаў прыедуць Сяржук Доўгушаў і Алесь Мазанік.
Сяржук Доўгушаў – лідэр гурта “Vuraj” і саліст Белдзяржфілармоніі.
Музычна-вандроўны аркестрык “Vuraj” быў створаны ў снежні 2010 года.
У 2014 годзе калектыў выпусціў альбом “Rajok”, які аказаўся настолькі паспяховым, што музыкі сталі намінантамі на званне “Героі году-2014”, а песня “Вэлытай, пэрэпылко” узнялася на вышыню аўдыёчарту на Tuzin.fm.
Галоўнае месца ў творчасці гурта займаюць песні, сабраныя ў экспедыцыях і вандроўках.
Нядаўна Сяржук Доўгушаў заснаваў праект “Harmonic Style”, у праграму якога ўвайшлі 15 народных песен з Вушаччыны, малой радзімы Рыгора Барадуліна.
24 лютага Сяржук арганізаваў у Мінску вечарыну, прысвечаную 80-годдзю Народнага паэта.
Алесь Мазанік – менеджэр культурніцкіх праектаў, арганізатар шоў і стваральнік інтэрнэт-крамы imbryk.by, якая дае студэнтам курсаў “Мова Нанова” зніжку ажно ў 25%.
У Гародню Алесь завітае з “Шоў беларушчыны”, падчас якога плануюцца гульні, віктарыны і, канешне, шмат падарункаў.
Заняткі, прысвечаныя Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну пройдуць у панядзелак 2 сакавіка а 19 гадзіне па адрасе вул.Будзённага, 48а-63.
А на папярэдніх занятках курсаў наведвальнікі гарадзенскай “Мовы Нанова” разам прачыталі славуты верш Рыгора Барадуліна.