Гарадзеншчына ўкладае 900 тыс. еўра ў перапрацоўку смецця
Сродкі на рэалізацыю гэтага праекта нашая вобласць атрымае ў межах праекта Еўразвязу “Спрыянне рэгіянальнаму і мясцоваму развіццю ў Рэспубліцы Беларусь”.
Згодна з умовамі гэтага праекту, кожны рэгіён Беларусі сам абіраў, у якой сферы можа рэалізавацца праект за еўрапейскія грошы.
Большасць абласцей краіны абралі турызм, а ўлады Гарадзеншчыны палічылі больш прыярытэтным інвеставаць у кіраванне цвёрдымі бытавымі адкідамі.
Інфармацыя пра гэта прагучала 4 сакавіка на чарговай сустрэчы рэгіянальнай працоўнай групы, якая займаецца дапрацоўкай стратэгіі ўстойлівага развіцця Гарадзеншчыны да 2030-га года.
Пытанні, звязаныя з перапрацоўкай смецця, абмяркоўваліся днямі і на нарадзе ў аблвыканкаме.
Як паведамляе сайт гарадзенскіх уладаў, да канца 2015 г. на Гарадзеншчыне плануецца збудаваць да 9 смеццесартыровачных ліній. На гэта плануецца выдаткаваць каля 10 міліярдаў рублёў.
У канцы 2013 г. станцыю сартавання смецця, пабудаваную за еўрапейскія грошы, адчынілі ў Мастах.