Сардэчна запрашаем або людзям з інваліднасцю ў Гродне ўваход у кавярні забаронены?

|

Пра гэта і не толькі разважае дзевятнадцацігадовая «калясачніца» Кацярына Зорка ў час даследавання зручнасці ўваходаў у некаторыя гарадзенскія кавярні.

 

Маладыя людзі Таня, Ваня, Жэня, Каця і яе мама (прысутнасць якой стала для маладых людзей поўнай нечаканасцю) стэлефанаваліся, сустрэліся і адправіліся разам у комплекс рэстаран-кавярня-піцэрыя Н2О па адрасе г. Гродна, вул. Студэнцкая д. 2, каб праверыць, ці будзе ён даступным для чалавека на інваліднай калясцы.

 

А я адразу пераходжу ў «наступленне» і распытваю Кацю пра яе жыццё…

 

– Ці можаш ты самастойна выйсці на вуліцу? Хто звычайна ў гэтым дапамагае?

 

– Я жыву на 5 паверсе (без ліфта). Самастойна выехаць за парог кватэры не магу, бо ён высокі.

 

Па лесвіцы звычайна спускаюся пешшу, але мяне неабходна трымаць за руку.

 

Каляска для прагулак стаіць ў склепе і я сама яе не дастану, нават калі не браць ва ўлік прыступкі.

 

Як правіла, ва ўсім дапамагаюць бацькі, а яны не заўседы вольныя. Таму з дому я выходжу рэдка.

 

– З якімі праблемамі пры перамяшчэнні па горадзе ты часцей за ўсе сутыкаешся?

 

– Цяжка ездзіць па асфальце, таму што ён пабіты, занадта шмат ям на тратуарах, высокія бардзюры…

 

Наш горад не прадугледжаны для самастойнага перамяшчэння інваліда ў цэлым.

 

Высокія прыступкі, шмат крутых з’ездаў, цяжкія дзверы, вузкія памяшканні.

 

Калі казаць пра ўстановы для адпачынку, то тут не ўсюды можна нармальна разгарнуцца з каляскай (Дарэчы, каляска ў дзяўчыны грамоздкая і вельмі цяжкая. Сапраўдны «беларускі варыянт» – заўв. аўтара. ).

 

– Часам даводзіцца выслухоўваць незадаволенасць людзей, што я ім перашкаджаю, і чаго гэта мне дома не сядзіцца? – працягвае мая субяседніца.

 

Дарэчы, разважаючы аб гарадской інфраструктуры, Каця згадала, што такія сацыяльна значныя ўстановы, як аптэкі, часцяком не абсталяваны пандусамі.

 

Хоць асабіста я не раз пераконвалася ў адваротным. Большасць аптэк у маім раёне, непадалек ад кінатэатра «Космас» і Лядовага палаца спорту, можна назваць даступнымі.

 

– Як часта ты карыстаешся грамадзкім транспартам? Сустракаюцца людзі, гатовыя дапамагчы? Ці стаў транспарт больш даступным за апошні час?

 

– Карыстаюся рэгулярна, як толькі трэба выбрацца ў горад. Сваёй машыны ў нас няма, а таксі не па кішэні.

 

У бліжэйшы час на вуліцах нашага горада з’явіцца бясплатнае «сацыяльнае таксі» для людзей з фізічнымі абмежаваннямі.

 

Гэта стала магчымым, дзякуючы неабыякавым людзям, якія паўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі і сабралі неабходную для набыцця аўтамабіля суму.

 

Але ці зможа падобная паслуга рэальна, а не фармальна, палепшыць якасць жыцця тых, каму гэта неабходна? Ці не будзе маршрут «спецыяльнага» транспарту абмяжоўвацца паліклінікамі і бальніцамі (што мае месца ў іншых беларускіх гарадах), пакажа час.

 

А Каця між тым працягвае:

 

– Жадаючых дапамагчы хапае, асабліва калі бачаць, што патрэбна дапамога, і каляска не заходзіць у аўтобус, з-за таго, што кіроўцы няроўна пад’язджаюць да бардзюра.

 

Тады некаторыя мужчыны і жанчыны спрабуюць яе зацягнуць.

 

Але трапляюцца і тыя, хто аддае перавагу бухцець і штурхацца.

 

Асабліва ў «час пік» узнікаюць цяжкасці.

 

Вядома, транспарт стаў больш даступным, і гэта радуе! Бо цяпер лягчэй не толькі інвалідам, але і старым, мамам з каляскамі.

 

Праўда, гэтыя змены датычацца толькі тралейбусаў і аўтобусаў, у маршрутках пакуль нічога не прадугледжана (калі верыць маіх назіраннях, Гродна сур’езна адстае ад Мінска па колькасці прыстасаванага транспарту – заўв.аўтара).

 

Тым часам «каманда» дабралася да месца прызначэння. Маладыя людзі зрабілі замеры (вышыня – 50 см, даўжыня – 5,5 м) і пераканаліся, што пандус ля кафэ-рэстарана Н2О сканструяваны правільна.

 

Каця пачала рух уверх, але прыкладна на паўдарогі сіл не хапіла і ей прыйшлося звярнуцца за дапамогай.

 

– У прынцыпе, заехаць тут можна без праблем. Проста мне, як дзяўчыне слабенькай, якая не прывыкла каціць каляску самастойна, было цяжка.

 

Але калі б склалася сітуацыя, што вакол нікога не аказалася, я упэўнена, што справілася бы. Трэба толькі патрэніравацца – каментуе дзяўчына.

 

Пазітыўнае ўражанне крыху папсавалі дзверы. Каця не змагла іх адчыніць, бо яны апынуліся занадта цяжкімі.

 

Але падобная сітуацыя характэрная для большасці будынкаў і не толькі для кавярняў.

 

Далей моладзь адпраўляецца ў рэстаран-бістро «Семафор» (вул. Савецкая, д. 23), а мы з Кацяй працягваем размову.

 

– Як ты лічыш, што сёння перашкаджае людзям з інваліднасцю быць сацыяльна актыўнымі? Уся справа ў «бар’ерным асяроддзі» ці існуюць іншыя прычыны?

 

– Справа не толькі ў «бар’ерах», але і ў псіхалагічных праблемах.

 

Некаторыя інваліды да гэтага часу баяцца «на людзей паглядзець і сябе паказаць».

 

Есць тыя, хто лічаць сябе непрыгожымі, думаюць, што на іх будуць коса глядзець і паказваць пальцам, не хочуць сябе траўмаваць лішні раз.

 

Асабіста я, каб мне не было зусім няўтульна ў грамадскім месцы, стараюся хадзіць туды з кампаніяй.

 

– Чаму мама не адпусціла цябе адну, а паехала з намі?

 

– Тут дзве асноўныя прычыны. Па-першае, бацькі ў мяне «цяжкія», асабліва бацька. Яны не прывыклі да маёй самастойнасці, баяцца пускаць адну з малазнаёмымі людзьмі.

 

Па іх меркаванні, мяне могуць забыцца, пакінуць, кінуць і пакалечыць, нарэшце!

 

А я ў калясцы не змагу абараніцца. Калі б мама са мной не паехала, тата не пусціў бы мяне зусім.

 

Давялося выбіраць (ну вось, высветлілася яшчэ адна праблема – заўв. аўтара.).

 

– Акрамя таго, мне цяжка самой схадзіць у туалет. Многія грамадскія туалеты не прыстасаваны пад патрэбы інвалідаў, а прасіць чужога чалавека аб дапамозе неяк няёмка, справа далікатная….

 

Напэўна, рэстаран-бістро «Семафор» нельга назваць яркім прыкладам невыканання патрабаванняў Дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя.

 

На ўваходзе Каці сустрэўся ўсяго толькі адзін няроўны бардзюр, у розных месцах ад 7-мі да 12-ці см вышыней.

 

Але і такая невялікая перашкода апынулася для яе, як і для многіх іншых людзей на інвалідных калясках, прычынай, каб не з’явіцца ў гэтым грамадскім месцы.

 

Пытанне адкрыта.

 

– Хто, на твой погляд, павінен вырашаць праблемы інвалідаў, яны самі, «здаровыя» ці дзяржава?

 

– Безумоўна, галоўнай крыніцай вырашэння гэтых праблем павінна быць дзяржава, у яе ёсць больш паўнамоцтваў.

 

Але і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і «здаровым» трэба аб’ядноўвацца для вырашэння такога маштабнага пытання, каб быў сапраўды добры вынік.

 

Задзейнічаць неабходна «тры бакі».

 

Сама з задавальненнем далучаюся да розных сацыяльных акцыях, бо і ў маіх інтарэсах зрабіць так, каб у будучыні інвалідам адкрыліся новыя перспектывы.

 

Каб мы маглі без дапамогі, бесперашкодна перасоўвацца па горадзе, прыносіць карысць грамадству.

 

…Адпраўляць зварот і прасіць кіраўніцтва рэстарана-бістро «Семафор» забяспечыць бесперашкодны доступ для любых катэгорый грамадзян маладыя людзі пакуль не спяшаюцца.

 

Ці з’яўляецца адна двенадцацісанціметровая прыступка і цяжкія дзверы, якія нават Каціна мама адкрыла з цяжкасцю, дастатковай прычынай, каб цалкам перарабляць уваход, хлопцы яшчэ не вырашылі.

 

Гродзенцы і не толькі, чытачы гэтага артыкулу, а якім будзе Ваш адказ на гэтае пытанне?

 

Журнал МолоКО

 

Фота Таццяны Кот

Пераклад Таццяны Смыкоўскай

 

Чытай таксама:


Ці ўсе крамы УП “Нарач” можна назваць безбар’ернымі?

 

Фотафакт: тэст пандуса ля ўваходу ў гродзенскі магазін “Журавінка”

 

Гродзенская “Фірма МОКА” не спяшаецца клапаціцца пра маламабільных кліентаў

Дом сувязі ў Гродна “па-за зонай доступу”