“Кішэнная гісторыя” Гародні

Аўтар у прадмове тлумачыць асноўную ідэю працы, схаваную ў яе назве. Менавіта, ён захацеў паглядзець на горад праз гісторыю Каложы – Барысаглебскай царквы 12 ст., бо, на яго думку, драматычныя змены ў жыцці горада адлюстроўваліся на царкве, а ўсё, што адбывалася з храмам, “каким-то уж совершенно сверхъестественным образом определяло и судьбу Гродно” (с. 3). Адсюль і назва “Пад крылом Каложы”.

 

Гісторык Андрэй Павач мне вядомы па грунтоўнаму тэксту ў калектыўнай працы “Гародня X – XX стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам”, таму з цікавасцю ўзяў у рукі гэтую “кішэнную” гісторыю роднага горада, пачаў чытаць… і перажыў моцнае расчараванне.

Па-першае, аказалася, што назва кнігі не мае ніякага дачынення да яе зместу, бо лёс Барысаглебскай царквы не толькі не ўплываў на лёс горада, але дзесяцігоддзямі, калі не стагоддзямі, увогуле не быў з ім звязаны і не раз царква станавілася гораду непатрэбнай.

 

Як напісаў сам Павач, для горада ў першай палове 19 ст.: “Коложанский храм неожиданно превратился в обузу” (с. 148); у першыя гады пасля Другой святовай вайны: “Фактически же о храме, в который уже раз, забывают” (с. 207).

 

Па-другое, уразіла перыядызацыя гісторыі царквы і горада. Доўга не мог зразумець, на якой падставе аўтар выдзеліў 19 перыядаў, акрэсліўшы для кожнага канкрэтныя даты, напрыклад, (1183 – 1283), (1284 – 1384), (1385 – 1501), (1502 – 1568)…, (1736 – 1763), …(1780 – 1794), …(1915 – 1934) і г.д.

 

Пра некаторыя даты можна здагадацца (напрыклад, 1183 г. – летапісны запіс пра пажар мураваных цэркваў, а 1283 г. – пачатак вайны Тэўтонскага ордэна з ВКЛ), але крытэрый вызначэння большасці храналагічных рубяжоў для мяне аказаўся загадкай, тым больш што аўтар яго ніяк не тлумачыць. Спрабаваў знайсці хоць нейкае абгрунтаванне ў тэксце, палічыць гады ў перыядах (можа аўтар разбіваў гісторыю на роўныя прамежкі?), але сакрэту аўтарскай перыядызацыі так і не разгадаў. Нічога не засталося, як толькі прыняць версію, што крытэрый аўтарскага падзелу гісторыі горада на паасобныя перыяды, кажучы па-простаму – “ад балды”.

 

Увогуле, гістарычны складнік кнігі выклікае шмат заўвагаў, вымагае паправак у факталогіі і інтэрпрэтацыі гістарычных падзей. Ад памылак ніхто не застрахованы, але прафесіяналізм гісторыка праяўляецца, між іншым, у здольнасці асэнсаваць недастатковасць сваёй веды па канкрэтнай тэме і ўменні знайсці адпаведную інфармацыю.

 

Андрэй Павач у многіх выпадках нават не здагадваецца пра сваю некампетэнтнасць. Часам яго памылкі выглядаюць як вынік звычайнай няўважлівасці (на гэта існуе рэдактар і рэцэнзенты, але Павач абыйшоўся без іх).

 

Версія пра Гародню, як летувіскую крэпасць (с. 11) адыйшла ў нябыт адразу пасля раскопак Ю.Ядкоўскага. Аналогія Гародні з “крэпасцямі” Наваградак, Ваўкавыск некарэктная, бо гэтыя гарады пачыналіся як неўмацаваныя паселішчы. Нельга пісаць: “оборонительные укрепления на Замковой горе превращаются в княжескую резиденцию” (с. 12.). Князь не жыў у вежы ці на забаролах, хапала месца на дзядзінцы, тым больш, што знойдзены княскі палац. На с. 13 сярод аб’ектаў паходаў гарадзенскіх князёў 12 ст. называецца Кіеў. У сапраўднасці яны хадзілі не на Кіеў, а па загаду з Кіева. Вакол замку ў 12 ст. не было каменнай сцяны (с. 14), з цэглы была выкладзена толькі невялікая яе частка на мысе над Гараднічанкай.

 

Няпраўда, што ў Полацку не было мураванай княскай рэзідэнцыі, яе адкрылі ў 1972 г. Няпраўда, што запіс пад 1183 г. – апошняе летапіснае ўпамінанне Гародні (с. 19).

 

Назва царквы “Барысаглебская” не магла быць пазнейшай за назву “Каложа” (с. 21), бо, вядомая рэч, цэрквы называлі ў гонар Хрыста, Божай Маці ці святых. Калі аўтар сцвярджае, што знакі на плінфе Барысаглебскай царквы – руны (с. 23), то трэба прывесці расшыфроўку хаця б адной літары.

 

Польскі князь Казімір ІІ (12 ст.) не быў каралём, бо тады Польшча не была каралеўствам (с. 24); літоўскія плямёны не нападалі ў 1183 г. на Полацк. Сумніўна, што гарадзенскія цэрквы ў 1183 г. пагарэлі ад гневу адрынутых язычніцкіх багоў (с. 24.).

 

Трайдэн не правіў у Гародні (с. 25), а быў вялікім князем літоўскім. Повадам вайны галіцка-валынскіх князёў супраць ВКЛ у 1277 г. было не пасяленне Трайдэнам язычнікаў (с. 25 – 26). Паход 1277 г. інспіраваў татарскі эмір Нагай – сам язычнік. Давыд Гарадзенскі знішчыў не ваенны лагер крыжакоў (с. 34), а склад харчовых прыпасаў у лесе.

 

Ніжні замак і вакольны горад не размяшчаліся ў розных месцах (с. 37), “Ніжні замак” – назва вакольнага горада ў другой палове 13 – 15 ст. Гародня не была адным з галоўных цэнтраў хрысціянства навакольных земляў ад моманту свайго заснавання (с. 37), бо яе заснавалі язычнікі. Звязваць наданне магдэбургскага права Гародні з выгнаннем габрэяў з ВКЛ – увогуле нонсенс, гэтаксама як заява, што ўпершыню ў гісторыі Гародні гарадзенцы з’яўляюцца ў … 15 ст. (с. 50).

 

Беларускія гісторыкі не пішуць “руска-літоўскія” войны ў 16 ст. (с. 54 – 55), а “маскоўска-літоўскія”, бо “Русь” была складной часткай ВКЛ. Паводле Павача, у першай палове 17 ст. у нас праходзіла грамадзянская вайна, інакш як разумець сказ: “Следующее десятилетие в Гродно прошло в непрерывных войнах всех против всех…” (с. 72).

 

Мне не ўдалося зразумець сэнс сентэнцыі, звязанай з пераўтварэннем Гародні ў месца правядзення сеймаў Рэчы Паспалітай: “Такой чести не получила ни одна из столиц – Краков или Вильно, – и одновременно подтверждало популярный лозунг «Вольный с вольными, равный с равными»”.

 

Па-першае, у 1673 г. Гародня стала адным з трох сеймавых гарадоў; па-другое, сталіцай Польскага каралеўства ад рубяжа 16 – 17 ст. была Варшава. Гісторыку варта ведаць, што Ліпск (с. 78) – польская назва нямецкага горада ў Саксоніі, якая па-расейску гучыць – “Лейпциг”; таксама – пасол (сойма) (с. 119), па-расейску будзе “депутат”; імя міністра БНР Язэпа Варонкі па-расейску прынята пісаць “Иосиф”, а не “Язеп” (с. 182) і г.д.

 

Гарадзенскі стараста– гэта не “высший городской пост” (с. 96). Мяркую, сам Павач не лічыць, што будаўніцтва Тызенгаўза на Гарадніцы было задумана як выратаванне Рэчы Паспалітай. Але ж напісаў: “Это была попытка совершенно в духе собственной эпохи – одним махом разрубить гордиев узел проблем, связавших по рукам и ногам Речь Посполитую” (с. 102).

 

Тым больш, што “духам эпохі” было Асветніцтва, якое ніяк не прадугледжвала разсячэнне “одним махом” грамадскіх праблемаў. Гарадзенскія мануфактуры не былі ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (с. 103) – яны належалі дзяржаве – кароне, а не персанальна чалавеку, які займаў каралеўскую пасаду.

 

Сучасныя гісторыкі, у тым ліку польскія, ужо не пішуць пра манархаў Рэчы Паспалітай – “польскі кароль”(с. 115, 133), бо сучасная гістарыяграфія разглядае Рэч Паспалітую як краіну чатырох народаў. Побыт караля Станіслава Аўгуста ў Гародні ў 1795 г. апісваецца як бавенне часу (с. 128 – 130), у той час як, паводле крыніцаў, гэта былі ці не самыя трагічныя месяцы ў жыцці апошняга манарха Рэчы Паспалітай, які быў акружаны расейскімі шпіёнамі і наглядчыкамі і кроку не мог ступіць без кантролю.

 

Ніколі ў прыродзе і гісторыі не было “гродненскіх аббатаў”(с. 127). Нельга звязваць хваляванні ў Гародні напярэдадні паўстання 1863 г. з варшаўскай “модай” насіць жалобу па страчанай свабодзе (с. 153-154).

 

Наўрад ці ў Першую святовую вайну нямецкі наступ спыніўся з-за аб’езду архіепіскапам гарадзенскіх фартоў з абразом Каложскай Божай Маці (с. 175). Археолагі падчас раскопак на Старым замку не маглі натыкнуцца на парэшткі адразу двух цэркваў (с. 188), бо яны (Верхняя і Ніжняя) размяшчаліся адна над другой. Прыводзіць увесь пералік спатканых памылак і недакладнасцяў не мае сэнсу.

 

Варта зазначыць, што гістарычная дакладнасць ў А.Павача часта становіцца ахвярай імкнення да стварэння літаратурнага, мастацкага тэксту.

 

Пры гэтым аказваецца, што А.Павач не ўмее ці не хоча “працаваць са словам”, да таго ж ён мае відочныя праблемы з расейскай мовай. Стылёвыя памылкі на ўзроўні школьнай праграмы пачынаюцца ўжо з першай старонкі, як у выразе: “Рожденный «оградить» – защитить, этот город сам, как никто (выдзяленне маё – А.К.) другой нуждался в защите”.

 

А самыя першыя два сказы кнігі з-за стылёвай неахайнасці выклікаюць эфект антыпольскага і антылітоўскага кантэксту: “Гродно – город на западе Беларуси, из которого за полчаса можно добраться до границы с Польшей, за сорок минут – до границы Литвы. Удивительно, но при такой географии именно здесь сохранилась одна из самых древних белорусских церквей – Коложа.”

 

Незразумела, чаму гарадзенскія князі задумалі як “душу” горада менавіта загарадную манастырскую царкву Каложу (с. 16), а не княскі храм на дзядзінцы ці саборную Прачысценскую царкву?

 

Пра знакамітую выяву Гародні 1568 г. Павач напісаў: “На глазах художника разворачиваются события, которым будет суждено переписать всю историю Европы” (с. 58). Тут недакладнасць як стылёвая (падзеі не могуць нічога перапісваць), так і гістарычная, бо сам аўтар на наступнай старонцы сцвярджае: “Правда, сами переговоры с московской делегацией закончились ничем”.

 

Вось яшчэ прыклад, калі з-за нядбайнага стылю ў аўтара два суседнія сказы супярэчаць адзін аднаму. Сейм у Гародні 23 верасня 1793 г. маўчаннем прымае трактат з Прусіяй (с. 121). Павач каментуе: “Собственно, на этом все и закончилось.

Неожиданно гродненский сейм вызвал настоящую бурю” (Пытанне: а як тады “усё закончылася”?).

 

 

Яшчэ тыповы прыклад стылёвай неахайнасці або бездапаможнасці: “Так на речном бульваре встретились сразу три разных города: крестьянский, преимущественно белорусский; польский – город служащих и военных, и Гродно пролетарский, говорящий на разных языках. Еще один, четвертый, – еврейский – начинался совсем рядом, вверх по Городничанке”. (с. 195).

 

Нібыта бывае “сялянскі горад”; нібыта палякі ў Гародні былі толькі службоўцамі і вайскоўцамі; нібыта сярод пралетарыяту не было габрэяў і г.д. Такія канструкцыі як “спроектировал оригинальный проект” (с. 169), ці “Он (Гродно – А.К.) все время оставался частью военного кулака страны” (с. 213) трапляюцца спрэс і дадатковых каментароў не вымагаюць.

 

Увогуле, неабазнанасць А.Павача ў стылістыцы – важным раздзеле тэорыі літаратуры і мовазнаўства, відная літаральна на кожнай старонцы кнігі. Падобна, аўтар трывала забыў яе асновы, якія выкладаюць у сярэдняй школе (я правяраў, мае дзеці-школьнікі лёгка навылоўлівалі шмат стылістычных хібаў у тэксце кнігі), а на далейшым жыццёвым шляху не сустрэў нікога, хто б пра іх напомніў.

 

Аўтарскія загалоўкі раздзелаў – то асобная “песня”. Калі праглядаў свае нататкі, зробленыя падчас чытання кнігі, то пры абсалютнай большасці загалоўкаў пазначана: “Не звязаны з тэкстам; даты ніяк не абгрунтаваныя”.

 

Вось, напрыклад, раздзел “Счастливый город (1693 – 1735)” (с. 83). Само сабой, выдзяленне менавіта гэтага храналагічнага перыяду ў жыцці Гародні ніяк не абгрунтоўваецца. З тэксту раздзела чытач не даведаецца, у чым тое шчасце заключалася. Наадварот, апісваюцца адны няшчасці і па прызнанні самога аўтара: “В итоге войн, эпидемий, пожаров город вновь опустел” (с. 89). На пытанне: “адкуль жа ўзнікла “шчаслівая” назва?”, магу прапанаваць толькі адзін адказ: “А ад балды!”.

 

Гэтаксама загалоўкі “Благоразумные действия (1814 – 1838)” (с. 139) ці “Умирая за царя (1896 – 1914)” (с. 169), як і амаль усе іншыя, не звязаныя з тэкстам, даты ніяк не абгрунтаваныя. Гатовы пайсці ў заклад, што словазлучэнні ў загалоўках раздзелаў “свой среди чужих” і “Чужой среди своих” узятыя А. Павачам з назвы ранняга фільму Нікіты Міхалкова.

 

Напісаўшы гэтыя радкі, падумаў, што, можа дарэмна чапляюся да аўтара са сваімі меркамі гістарычнага і літаратурнага рэалізму, бо, магчыма, ягоны твор належыць да зусім іншага жанру ці стылю?

 

Сапраўды, па многіх прыкметах тэкст “Пад крылом Каложы” уяўляе сабой твор постмадэрнізму. У гэтым стылі над зместам дамінуе форма, якая мае мэтай эпаціраваць, шакіраваць публіку, выклікаць у яе моцныя эмоцыі праз зламанне эстэтычных і этычных канонаў.

 

Відаць, як А.Павач прапаноўвае арыгінальныя інтэрпрэтацыі падзеяў, глядзіць на вядомыя факты з нечаканага ракурсу, акцэнтуе ўвагу на адмыслова падабраных дэталях, імкнецца пісаць вобразнай мовай … Усё гэта так. Але, мяркую, большасці чытачоў, гэтаксама як і мне, хацелася б бачыць у кнізе па гісторыі навукова вывераныя факты, пісьменную мову і ясны стыль.

 

Чытаючы тэкст А.Павача, часамі складваецца ўражанне, што аўтар проста без залішняй апрацоўкі, перанёс на паперу вобразы, асацыяцыі, эмоцыі, якія у яго ўзнікаюць пры заглыбленні ў гістарычнае мінулае.

 

А ўяўленне ён мае сапраўды багатае. Вось А.Павач перабірае ў памяці імёны даўніх гарадзенцаў: князёў і святых, магнатаў і варажбітоў, губернатараў і гарадскіх юродзівых.

 

Аўтар нібы ўпадае ў эйфарыю і пачынае дзівіцца “этому калейдоскопу имён, титулов, званий, будто все они – участники какого-то таинственного непрекращающегося карнавала.”

 

Далей – болей: “На мгновение зазеваешься, ослепленный блеском чужих судеб – как вдруг внезапно из пёстрой толпы выныривает новый персонаж и заключает вас в объятья…” (с. 5). Сапраўды, мала хто здольны натуральнымі сродкамі давесці сябе да такога эмацыйнага стану, каб абдымацца з гістарычнымі персанажамі.

 

Мне вельмі не спадабалася амаль непрыхаваная непрыязь, нават нейкая грэблівасць аўтара да беларускасці, у прыватнасці, да мовы. І справа не ў тым, што кніга напісаная па-расейску.

 

У ёй беларуская мова выступае ўсяго пару разоў і пры гэтым абавязкова звязаная з абадранцамі: “дурным Янкам”, брудным, апранутым у анучы, ці з маладымі людзьмі, таксама апранутымі ў падраныя рызманы. (с. 188, 194, 197).

 

Гэта можна было б палічыць выпадковасцю, калі б беларускія класікі Уладзімір Караткевіч і Ларыса Геніюш цытаваліся не па-расейску. А так атрымаўся тыповы прапагандысцкі прыём, калі чытач падводзіцца да пэўнай высновы праз асацыятыўную сувязь: беларуская мова – абадранцы. Прычым, вельмі верагодна, што А.Павач рабіў гэта не спецыяльна, а чыста рэфлексійна.

 

А яшчэ, падобна таксама рэфлексійна, А.Павач, як тыповы расейскамоўны тутэйшы жыхар, шануе ўладу, у тым ліку сённяшнюю. Каб было інакш, то ў раздзеле, прысвечаным пасляваеннай Гародні (“Красные дни календаря 1948 – 1990”), былі б не толькі апісаныя ўсе камуністычныя начальнікі, а знайшлося месца хаця б для згадкі Міхася Васілька, Васіля Быкава, Міхася Ткачова.

 

Ці магчымасць назваць такіх вядомых гарадзенскіх кіраўнікоў, якія прыйшлі да ўлады якраз у 1990 г., як Сямён Домаш ды Аляксандр Мілінкевіч.

 

На заканчэнне прызнаюся, што маю вялікія сумненні ў мэтазгоднасці, як з эстэтычнага, так і этычнага пункту гледжання, пускаць на чытача перанесеную на паперу плынь малакантраляванай свядомасці.

 

Лічу, што ўсё-такі варта увесці яе ў рэчышча, абазначанае агульнапрынятымі навуковымі, літаратурнымі, урэшце, філалагічнымі нормамі, каб чытачу гэтая плынь “не панесла дах”.

 

Калі б мне захацелася яшчэ раз ўзяць у рукі “кішэнную” гісторыю Гародні Андрэя Павача, то толькі каб паглядзець ілюстрацыі Віктара Літвінёнка, якія і ў чорна-белым выкананні выглядаюць прывабна і змястоўна. 

 

Павач А.А. Под крылом Коложи. Карманная история Гродно. Гродно: «ЮрСаПринт», 2014. – 222 с.: илл.