Забіты рамонтам. Насмерць
Але самае галоўнае наперадзе: на плечы і кашалькі будучых жыхароў валяцца голыя сцены, падлога, столь. Вось каб новыя кватэры прадаваліся адразу са зробленым рамонтам!…
Як бы ні змяняліся кватэры з цягам часу – што карцэрападобныя «хрушчоўкі», што сёняшняе жыллё – рамонт заўсёды застаецца рамонтам. Праўда, гадоў так сорак назад ён абыходзіўся значна танней – будаматэрыялы каштавалі хоць і не капейкі, але не праглыналі заробак амаль цалкам (і дзе той Савецкі Саюз?).
Рамонт цалкам залежыць ад колькасці грошай у кішэні і з’яўляецца бясспрэчным чэмпіёнам па выкалачванні іх адтуль. Калі не хапае сродкаў, ён можа цягнуцца не адзін год. Нічога страшнага, калі гэта «касметычны» рамонт: змяніў дзе-нідзе шпалеры, падкрасіў, дзе трэба, і добра. Цяжэй за ўсё, калі гэта – рамонт капітальны, са зменай старажытных драўляных вокан на новыя ПВХ, не менш старажытных дзвярэй на металічныя, дзіравага лінолеўма на паркет ці ламінат, і чорт ведае, што яшчэ…. Колькі грошай спатрэбіцца, каб рамонт прайшоў бяскрыўдна (значная колькасць сямейных скандалаў здараецца менавіта з-за яго), а самае галоўнае – хутка? Зараз ТС паспрабуе зрабіць падлік тратаў.
Уявім, што нам трэба зрабіць рамонт у двухпакаёвай кватэры, у якой гадоў дзесяць нічога не рамантавалі. Аблезлыя шпалеры, іржавая ванна і рукамыйніца, рваны лінолеўм, брудны пабел на столі… Можна дадаць «савецкі халадзільнік, што тарахціць на кухні, але ён больш па тэхнічнай частцы, чым па рамонтнай, таму абыдземся пакуль без яго. У які магазін адправімся за матэрыяламі? Няхай гэта будзе «Гемма».
Доўга і сумна блукаць па магазіне не даводзіцца: тут ёсць амаль усё, што патрэбна для ператварэння бярлогі ў палац. Праз тры крокі мы натыкаемся на неабдымную кучу ламіната, якая вывалена тут менавіта для нас. Хм… «куча» – не вельмі падыходны эпітэт для акуратненька выкладзеных дошачак, ад разнастайнасці якіх разбягаюцца вочы. Не менш разнастайныя і кошты. Вось, напрыклад, за дваццаць адну тысячу прасцяцкі такі, без драўляных узораў. Тыя, што папрыгажэй – 30, 50, 60 тысяч (чым больш прыгожы – тым больш даражэйшы). На некаторых кошт чырвоным маркерам папраўлены з «38 тысяч на «36. Вось як. Калі не разбіраюць тавар – трэба зніжаць кошты. Вернай дарогай ідзеце, таварышы!
Самы дарагі ламінат каштуе 80 тысяч з капейкамі. Лакіраваны, бліскучы, вішнёвага колеру, на адмысловага пакупніка. Але гэты кошт бляднее перад коштам на паркет, узоры якога вісяць насупраць: 121000 за квадратны метр! Атрымліваецца, за 17 метраў нам трэба выкласці два мільёны рублёў. Не забывайце, што ў нас ёсць яшчэ адзін пакой, калідор, пярэдні пакой. Плюс праца майстроў (калі не рызыкнеце класці паркет самі), плінтусы, сцяжка, так што накіньце яшчэ два мільёны. Калі вы не гатовы выкінуць столькі на адну падлогу, тады лепей абыйсціся пліткай, лінолеўмам (прыкладна 40–60 тысяч за метр) ці ламінатам.
Хохмы дзеля, патэлефанаваў па газетнай рэкламцы ў нейкі магазін «Паркет» (недзе на Камарова). І што вы думаеце? А то, што там гэты самы паркет каштуе ад трыццаці пяці да сямідзесяці тысяч. Самы элітны – восемдзесят. Вось і хадзі ў розныя «геммы»пасля такога!
Пакінем розныя дзеравякі ў супакоі і паглядзім, што тут можна размазаць па сценцы. Абыходзім пакуль не патрэбныя нам жалюзі і прымаемся за вывучэнне шпалераў, якіх тут таксама вялікая колькасць. Пасля дасканалага агляду і абмацвання бачна: самыя танныя і нізкаякасныя (за рэдкім выключэнням) – беларускія і украінскія. Сорамна! Ад 16 да 22 тысяч. Расейскія – некалькі лепш і даражэй (25 – 30 тысяч). З самых дарагіх і якасных – нямецкія, швейцарскія (35, 36, 38 тысяч), на самым версе, на ганаровым месцы, вянчаюць калекцыю кітайскія шпалеры за 45 тысяч. Неблагая альтэрнатыва шпалерам – снежка, і абыдзецца значна танней, чым гэтая кітайская радасць. Ледзь не запамятаваў пра керамічную плітку: за 20 – 55 тысяч метр яна добра будзе глядзецца на кухні, у ванным пакоі, у прыбіральні.
Прапускаем міма вачэй розную шпаклёўку, грунтоўку і таму падобнае, гэтыя рэчы не дарагія (16 -17 тысяч). Зараз нам трэба змяніць наш іржавы цякучы кран на новы. Есць тут такі: усяго 155 – і ён наш. Побач чакае свайго часу металічная ракавіна за 108 тысяч. За кутом выстраіўся ўзвод бравых унітазаў ад 150 да 220 тысяч. Адцягнуўся, уявіў сабе АМАПАўца з унітазам на башке замест шлема, з рукамыйніцай замест шчытка, з жалезнай трубой замест дубінкі. Ха!
Пра што мы яшчэ забыліся? Вокны ПВХ – каля мільёна рублёў, балконная рама з ПВХ – мільён трыста, уваходныя дзверы, металічныя, – паўтары мільёны (драўляныя яшчэ даражэй), міжпакаёвыя дзверы – ад 250 да 700 тысяч, ёсць і за дзевяцьсот, розныя адкосы да дзвярэй і вокан – самае малое 70 тысяч, шафа-купэ «Камандор» – больш за два с паловай мільёны (!!!). Задалбаешся ўсё пералічваць. Засталося толькі падлічыць агульны кошт ўсяго, што мы тут «накуплялі». Ён спакойна так перавальвае за дзесяць мільёнаў. А гэта без уліку халадзільнікаў, сціральных машын, тэлевізараў, мэблі – усяго таго, што спатрэбіцца каб абжыць новую кватэру.
Гэта што значыць – аддаў столькі бабак за кватэру, і аддай яшчэ паўстолькі за рамонт? Вядома, хапае такіх людзей, для якіх гэта пусцячная справа, а што рабіць чалавеку з сярэднім заробкам? Улазь у крэдыты і кладзі зубы на паліцу. Жыць стала лепей, жыць стала даражэй.
Ура, таварышы!
Ілюстрацыя http://www.proxima.com.ua