Адкрываем Падляшша: татарскі шлях

|

Пасля Саколкі наш шлях ляжыць у Крушыняны.

 

Невялікая вёсачка з’яўляецца сёння цэнтрам культурнага і рэлігійнага жыцця татараў, якія ўжо некалькі стагоддзяў жывуць на гэтых землях.

 

Сёння ў вёсцы жывуць толькі тры сям’і, але на святы ў мечэць, якая занесеная ў спіс сусветнай культурнай спадчыны з’язджаюцца татары з Беластоку і іншых мясцовасцяў і тады ў вёсцы няма дзе прыпаркаваць машыну.

 

Сюды ж на мясцовы мізар (могілкі) з усёй Польшчы вязуць хаваць нябожчыкаў.

 

Пасля наведвання мечэці ідзем на могілкі.

 

Самы стары знойдзены тут надмагільны камень датаваны 1699-м годам.

 

Побач са старымі і новымі татарскімі пахаваннямі апошнія гады з’яўляюцца таксама магілы памерлых у Польшчы чачэнцаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы пасля вайны на сваёй радзіме.

 

Магчыма, праз нейкі момант тут з’явяцца і магілы крымскіх татараў, некаторыя з якіх шукаюць паратунку пасля расейскай акупацыі Крыму менавіта на Беласточчыне.

 

– Мы апякуемся над імі, дапамагаем, чым можам. Спачатку людзі спадзяваліся, што хутка ўсё вернецца на месца і яны змогуць вярнуцца ў Крым, але надзея гэтая ўсё больш згасае – кажа галава татарскай грамады Браніслаў Талькоўскі (на здымку ніжэй).

Мячэць і могілкі  – не адзіныя адметнасці Крушынян. Тут ладзяцца фестывалі татарскай культуры, іншыя імпрэзы, якія штогод вабяць сюды каля 30 тысячаў турыстаў.

 

Зараз у вёсцы ідзе актыўнае будаўніцтва татарскага культурніцкага цэнтра.

 

Побач з будаўніцтвам знаходзіцца “Татарская юрта” – вядомая далёка за межамі Беласточчыны рэстарацыя Джэнеты Багдановіч.

 

У дзень, калі мы прыехалі сюды, тэлебачанне з Варшавы здымала тут кулінарнае шоў. Брэндам мясцовай кухні з’яўляецца “перакачэўнік”, на які Джэнэта Багдановіч атрымала патэнт з Еўразвязу.

 

Ну а нас частавалі яшчэ адной традыцыйнай татарскай стравай – беліш (цеста, фаршыраванае рысам, мясам і лісічкамі) і хатняй гарбатай.

 

– Аніякіх “макдональдсаў”! Толькі сваё, мясцовае – такім быў прынцып, калі мы распачыналі сваю справу – распавядае Джэнета. Спачатку госці, асабліва дзеці, здзіўляліся, чаму не даюць колу і фрыткі (смажаная бульба), але цяпер усе з задавальненнем частуюцца мясцовымі стравамі.

 

У сезон у рэстаран, які і так пашырыў істотна сваю плошчу, бывае не прабіцца і прыходзіцца стаяць у чарзе.

 

Апроч “Татарскай юрты” у Крышынянах ёсць яшчэ некалькі месцаў, дзе можна смачна пад’есці і адпачыць.

 

Ці не таму ў вёску зноў пачалі вяртацца людзі, якія калісьці ў пошуку лепшай долі пераехалі ў іншыя месцы.

 

Мясцовыя татары добра інтэграваныя ў польскае грамадства.

 

– Імкненне быць добрымі грамадзянамі той краіны, дзе мы жывем, заўсёды было адметнай рысай татараў – кажа Браніслаў Талькоўскі. 

 

Цяпер не рэдкія выпадкі, калі ўтвараюцца змяшаныя польска-татарскія (праваслаўна/каталіцка-мусульманскія сем’і).

 

Так, як у нашага правадніка па Крушынянах Джэміля Гэмбіцкага (на здымку ніжэй).

 

– У мяне жонка з каталіцкай сям’і – распавядае Джэміль. Таму мой сын Селім мусульманін, а дачка – хрысціянка.

 

Джэміль з усмешкай у вачох распавядае таксама, як у час працы ў асяродку для дзяцей з інваліднасцю яму давялося аднойчы выконваць ролю Святога Мікалая.

 

Тыя ж, хто імкнецца ажаніцца на аднаверцах, шукаюць сабе пару часам у Літве ці ў Беларусі, дзе яшчэ захаваліся таксама татарскія грамады. 

 

Татарскі шлях. Парады падарожнікам

 

Што паглядзець: мячэць і мізар (могілкі)

 

Дзе пад’есці, што паспрабаваць: “Татарская юрта”, перакачэўнік і іншыя мясцовыя стравы і напоі

 

Дзе пераначаваць: пакоі для гасцей ёсць у самой вёсцы (у той жа “Татарскай юрце”). Можна таксама спыніцца ў Саколцы, Беластоку альбо Супраслі, якія непадалёк.

 

Як ехаць: калі з боку Кузьніцы, то збочыць улева ў Саколцы ў бок Крынак. Калі праз Баброўнікі – то 8 км. ад мяжы ў бок Крынак

 

Калі лепш ехаць: на свята Сабантуй