Каму ў Люксембургу добра жывецца

Рон пазіцыянуе сябе як фатограф, сацыёлаг, этнограф, які вучыўся ў Нямеччыне і ў Швайцарыі.

 

Працоўнай мовай сустрэчы, на якую прыйшлі больш за 30 чалавек, была ангельская мова з перакладам на беларускую. Аднак многія слухачы задавалі пытанні па – ангельску і размаўлялі з госцем без перакладу.

 

Удзельнікі сустрэчы даведаліся, што захапленні Рона –кампутар, кнігі, вандроўкі па горадзе, адкрыццё новых цікавых мясцін. 

 

Шмат цікавай інфармацыі прагучала і пра яго радзіму.

 

Дзяржаўная мова


Слухачы даведаліся, што Люксембург – гэта самастойная краіна, у якой ўжываюцца тры афіцыйныя мовы – французская, люксембуржская і нямецкая.

 

Тэарэтычна, чалавек можа замовіць у дзяржаўнай установе неабходны яму дакумент на адной з гэтых моў, але на самай справе атрымае гэты дакумент толькі ў французскай версіі.

 

Перакладаў на дзве іншыя мовы можна без выніку чакаць доўгімі месяцамі.

 

Французская мова ў дзяржаўнай установе, як падкрэсліў Рон, – справа палітычная.

 

Да таго, як Нямеччына напала на Францыю падчас Другой Сусветнай вайны нават Канстытуцыя Вялікага герцагства Люксембург была на дзвюх мовах (нямецкай і французскай), а цяпер толькі па-французску.

 

Што тычыцца люксембуржскай мовы, то яна існуе толькі ў вуснай версіі.

 

Ніхто ў краіне не ведае, як на ёй пісаць. Рон кажа, што ў малодшых класах пачатковай школы ёсць адна гадзіна люксембуржскай мовы на тыдзень, падчас якой дзеці вучаць на памяць вершыкі і спяваюць песні. І не больш за тое.

 

Рон даў паслухаць песню на люксембуржскай мове, папярэдне раздаўшы пераклад на рускую. Добра, што раздаў, бо з цэлай песні нельга было зразумець аніводнага слова.

 

Хто ведае, можа ў пытанні роднай мовы Беларусь знаходзіцца ў лепшай сітуацыі ў параўнанні з Люксембургам?

 

Сем прычын, каб не ехаць у Люксембург


Гэтую частку спаткання нельга было успрымаць даслоўна і без пачуцця гумару.

 

Так, у якасці адной з прычын былі названыя “брыдкія пейзажы”, а на самой справе на здымку быў цудоўны здымак “маленькай Швайцарыі”.

 

Нават назва мясціны саўпала з назваў вядомай нам часткі горада Гродна.

 

Альбо яшчэ – у люксембуржскай мове няма слова “кахаць”. Дык ж як жыць?

 

Рон паказаў здымак цуднага замку і сказаў, што ў Люксембургу толькі старыя дамы, няма электрычнасці.

 

Але тут ён нас не спалохаў. Рон прыехаў толькі 3 сакавіка ў Беларусь і хіба што не паспеў пабыць ў многіх беларускіх вёсках. Ягоны валанцёрскі тэрмін будзе доўжыцца цэлы год. Думаю, што мы паспеем здзівіць яго нашымі “старымі хатамі”.

 

Наступная “прычына” – У Люксембурзе ўсё дарагое, маўляў, адзін літар малака каштуе 1,15 еўра, а паўлітра піва – 1 еўра.

 

Але ж і заробкі там, як падкрэсліў наш госць, найменшыя 1900 еўра ў месяц (з гэтай сумы трэба вылічыць яшчэ падаткі).

 

Кватэра каштуе 1200 еўра, за прадукты давядзецца аддаць 100 еўра на тыдзень за дваіх. І жыць няма за што. Дык прыдумалі ж дасціпныя тамтэйшыя жыхары ездзіць на закупы ў Нямеччыну, бо там танней. І зноў нейкая вельмі ж знаёмая паралель, ці ж не праўда?

 

А яшчэ Рон кажа, што ў Люксембургу доўга цягнецца расследванне крымінальных злачынстваў.

 

У якасці прыкладу Рон распавёў такую гісторыю: гадоў 30 таму ў адным з паліцэйскіх участкаў падклалі бомбу.

 

Да гэтага часу не могуць знайсці злачынца. Хаця нібыта ўсе ведаюць, што бомбу падклалі самі паліцыянты, каб дабіцца атрымання лепшага абсталявання і паляпшэння бяспекі ў грамадскіх месцах.

 

А само расследванне будзе доўжыцца яшчэ гадоў гэтак з дзесяць, на думку Рона.

 

Адной з важных прычын устрымацца ад паездкі ў Люксембург з’яўляецца неакрэсленасць, на якой мове там размаўляць. Але ж зноў Рон паказаў нам відэасюжэт, дзе людзі размаўляюць на мешаніне французскай, партугальскай, люксембуржскай, нямецкай моў. І усе адзін аднаго разумеюць і выглядаюць зусім шчаслівымі.

 

І апошні аргумент за тое, каб лепш застацца ў Беларусі, маўляў, у Люксембургу ёсць толькі белае віно. Уся краіна падзялілася на тых, хто п’е піва, і тых, хто п’е белае віно. І што тут скажаш? А дзе віскі з літоўскага шопа? А бімбар?

 

Дзе знаходзіцца Шэнген?


Не заўсёды памятае чалавек, што Шэнген, вядомы нам перад усім дзякуючы Шэнгенскаму пагадненню, і пра які мы успамінаем, калі нам патрэбна віза ў Еўропу, – гэта невялікая вёсачка, якая знаходзіцца ў Вялікім герцагстве Люксембург.

 

Вёсачка і ёсць на самай справе, бо ў гэтай краіне з насельніцтвам 500 000 жыхароў ёсць толькі адзін вялікі горад, – сталіца Люксембург з насельніцтвам 100 000. А ўсе астатнія населеныя пункты – вёскі, штосьці тыпу нашага сельсавету.

 

На канец спаткання Рон распавёў нам пра культуру, гісторыю і кухню Люксембурга. І каб ні быць галаслоўным, прыгатаваў нам пачастунак – сам напёк бліноў.

 

Кажа, што бліны можна смажыць і па-нямецку, і па-французску, дык ён нам прынёс і адных, і другіх.

 

Было смачна, ўсё з’елі і пажадалі Рону прыемных валанцёрскіх практык.

 

Рон Зальфа прыехаў у Гродна ў межах праграмы “Еўрапейская валанцёрская служба” і будзе працаваць у грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар” на працягу года.

 

Фота Ірыны Новік