У Беластоку адбудзецца прэм’ера “Сонькі”

|

“Сонька” гэта апошні раман Ігнацыя Карповіча, аднаго з найбольш цікавых сучасных пісьменнікаў, які сам паходзіць з Беласточчыны.

 

Спектакль закранае па-ранейшаму балючыя тэмы, звязаныя з лёсамі людзей, якія ў цяжкія часы апынуліся на памежжы культур, рэлігій, народаў.

 

У аснове пастаноўкі – гісторыя тэатральнага рэжысёра Ігара, які выпадкова сустракае сталую жанчыну-беларуску, якая распавядае яму гісторыю свайго жыцця.

 

Рэжысёр паступова ператварае гісторыю бабулькі ў п’есу, ствараючы сваю версію падзей.

 

Тэатральная прэм’ера “Сонькі” адбудзецца 27 сакавіка на сцэне беластоцкага драматычнага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі.

 

Рэжысёрка спектаклю Агнешка Карыткоўская-Мазур (на здымку вышэй).

 

Музыку да спектакля напісаў беларускі кампазітар Ягор Забелаў, які будзе выконваць яе ў час пастаноўкі ўжывую.

 

Тэатр імя Вянгеркі не першы раз ўздымае складаныя тэмы жыцця Чалавека памежжа.

 

“Пяць кілаграмаў цукру”, “Уцекачы”, “Антыгона” – гэта і іншыя спектаклі распавядаюць пра лёсы людзей, падзеленых дзяржаўнымі, нацыянальнымі, рэлігійнымі межамі.

 

Напярэдадні прэм’еры “Сонькі” група журналістаў з Гарадзеншчыны сустрэлася з трупай тэатра.

 

У яе склад уваходзяць 22 чалавекі. Тэатр актыўна супрацоўнічае з калегамі з іншых краін (у Гродне – з тэатрам лялек).

 

У пачатку сакавіка ў памяшканні польскага консульства ў Гродне адбыўся паказ запісу спектаклю “Антыгона” з удзелам Агнешкі Карыткоўскай-Мазур.

 

У Беластоку мае ўласную адукацыйную праграму для падлеткаў і студэнтаў.

 

Удзел у спектаклях тэатра бяруць і запрошаныя акторы з Беларусі.

 

Так, у “Соньцы” сярод выканаўцаў галоўных роляў будуць акторы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску Алесь Малчанаў і Святлана Анікей.

 

– Чым адрозніваецца праца ў тэатральных трупах ў Мінску і ў Беластоку – запыталі мы Святлану Анікей (на здымку вышэй), якая выступае на сцэне Купалаўскага тэатра ў Менску ўжо 16 год.

 

– Адрозненні ёсць. У Мінску шмат машынальнай працы.

 

На табе ўвесь час ляжыць цяжар адказнасці, неабходнасці даказваць сваю прафесійную прыдатнасць.

 

У Беластоку больш разняволенасці, прасторы для творчасці. Тут ёсць пошук, які табе дазволены. Гэта вельмі важна для актора. 

 

“Сонька” будзе паказаная на сцэне тэатра ў Беластоку 27, 28 і 29 сакавіка. Квіток на прэм’еру каштуе 40 злотых, а ў іншыя дні – 35 злотых.