Гарадзенскі футбол: у чаканні другой паловы чэмпіянату
Другая палова чэмпіянату стартуе 2 жніўня. Гарадзенцы ў гэты дзень згуляюць у гасцёх з «Гомелем». У складзе каманды не будзе бразільца Нікаласа, які пасля кароткачасовай арэнды вярнуўся ў сталічны МТЗ-РІПА, а таксама Віталя Шапятоўскага, які так і не заваяваў сталае месца ў складзе гарадзенцаў. Напэўна не будзе на лаве запасных у дзень гульні і начальніка каманды Сяргея Карозы – лаянка ў бок арбітраў, якія судзілі матч з жодзінцамі, хутчэй за ўсё абернецца дыскваліфікацыяй на некалькі сустрэч. Затое ў складзе «Нёмана» з’явіцца Аляксей Сучкоў. Гэты паўабаронца быў адным з ключавых гульцоў гарадзенскай каманды ўзору 2002 г., калі «Нёман» стаў срэбным прызёрам чэмпіянату Беларусі. Пасля «Нёмана» Сучкоў некалькі сезонаў адгуляў за ўкраінскія «Карпаты» і «Харкаў». На рахунку паўабаронцы таксама некалькі гульняў за зборную Беларусі.
Крытычная сітуацыя склалася ў «Смаргоні». Пасля няўдалай першай паловы чэмпіянату (каманда набрала толькі 5 ачкоў) ад фінансавання каманды адмовіўся галоўны спонсар – завод «Смаргоньсілікатбетон». Футбалістам зменшылі на 70% заробкі, з-за чаго амаль усе вядучыя гульцы пакінулі каманду. Быў звольнены галоўны трэнер каманды Аляксандр Лісоўскі. Новаму «галоўнакамандуючаму» Вадзіму Бразоўскаму утрымаць смаргонцаў у вышэйшай лізе наўрадці будзе пад сілу.
На здымку: Аляксей Сучкоў пачынаў сезон у форме «Шахцёра», з якога быў адлічаны нібыта за тое, што патрапіўся на вочы кіраўніцтва каманды нецвярозым…