“Мой маленький Париж” Аляксандра Фядуты: несавецкая кніжка пра савецкую Горадню

|

Сярод прэтэнзій, якія пасыпаліся на кніжку, ці не першай была яе “савецкасць”. Так, Фядута нарадзіўся і рос у савецкай Горадні – не ў польскай, не ў нямецкай, не ў беларускай (…а была такая?).

 

Пісаць варта пра тое, што добра ведаеш, альбо пра тое, чаго не ведае ніхто, казалі Стругацкія. Таму Быкаў пісаў пра савецкую армію, Яфрэмаў – пра Туманнасць Андрамеды… Фядута – пра Горадню 1970-80-х. Несвабодны горад у несвабоднай краіне.


“…Зараз ты стамляешся ад камунікацыі і хаваешся ў шкарлупу кватэры, спадзяючыся, што цябе не знойдуць і не змусяць да ўзаемінаў. А ў 1983 годзе існавалі два савецкія тэлеканалы і адзін польскі, які асвятляў падзеі ў свеце з пункту гледжання ўраду ваеннага становішча. Савецкія газеты можна было не чытаць. Асартымент у кнігарнях быў такі, што “Лісты Плінія Малодшага” падаваліся вяршыняй вольнадумства. А паразмаўляць не было з кім і дзе. То бок, пра надвор’е і Пугачову – так. Пра мастацтва – цяжэй. Пра палітыку – а чаму, менавіта?”

 

Няма ў кнізе, маўляў, і нічога беларускага, кажуць крытыкі. А колькі яго было тады, беларускага? І чаму Фядута, які нарадзіўся ў русіфікаваным ушчэнт горадзе, які не ездзіў на лета ў вёску, дзе б чуў мову, меўся цікавіцца беларушчынай, якая пачыналася і сканчалася Коласавай “Новай зямлёй”?

 

Бо СССР. Бо русіфікацыя. Бо час. Час, калі нават Карпюк з Быкавым выдавалі расейскамоўныя кніжкі. Ніхто ж не дадумаецца закідаць Міцкевічу, чаму Вільня 1830-х была польскамоўнай, а не беларускай…

 

Ці будзе цікава сучаснікам чытаць пра адносіны бацькоў і дзяцей, настаўнікаў і вучняў, перагортваць імёны як старонкі кніжак з гарадзенскіх букіністаў 80-х? Не ведаю. Мемуары – гэта асоба чалавека, выкладзеная на паперы. Не ўсё і не ў кожнага цікава. Нешта толькі прабягаеш вачыма, а нешта хочацца перачытаць яшчэ раз. Як і з жывым чалавекам.

 

     
 

Чытайце таксама:

 

Аляксандр Фядута прэзентаваў у Гродне “Мой маленький Париж”

 
     

 

Ці не першае, што кідаецца ў вочы ў “Маленькім Парыжы” – гэта кніга падзякі. Падзякі гарадзенцам, якія трапіліся аўтару на досвітку жыцця. Школьным сябрам, настаўнікам, камсамольскім важатым.

 

Зазвычай у розных мемуарах з усіх бакоў лезуць падколкі: “той таму на нагу наступіў”, “той кар’ерыст”, “той п’яніца…” і г.д. У Фядуты, неймаверна чулага да дробязяў, няма дробязнасці. Няма крыўдаў.

 

Затое ёсць бясконцая павага да чалавека. Прынамсі, запомніць імя ды імя па бацьку дзясяткаў людзей, з якімі ты не камунікуеш пасля школы, універсітэту, пераезду ў іншы горад – дорага каштуе. Паспець сказаць “дзякуй!” жывым і занатаваць імёны тых, каго ўжо няма, не кожнаму ўдаецца. Фядута паспеў.

 

“Парыж” здзіўляе шчырасцю і самаіроніяй аўтара. Не кожны, хай і былы, супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта ды розных там перадвыбарчых штабоў, будзе пісаць пра свае першыя каханні, сарамлівасць з дзяўчатамі альбо як піў валідол пры кожнай нагодзе… Гартаючы мемуары то аднаго, то іншага, можа скласціся ўражанне, што свет перапоўнены рыцарамі ў бліскучых даспехах. У Фядуты ўсё жыццёва, нават споведзь месцамі нагадвае.

 

“Парыж” – гэта кніга пра горад. Але не пра будынкі, не шукайце тут гісторыю архітэктуры. Бо горад – гэта не будынкі, а людзі, якія яго ствараюць. І апантаны дырэктар школы, які фанатычна арганізоўвае рух “юных карбышаўцаў”, і дырэктарка кінатэатра, якая сярод ночы кліча моладзь апошні раз паглядзець стужкі апальнага Вайды, і бібліяфілы ў рагавых акулярах у чэргах за кніжкамі (цяжка ўявіць, так?..) каля “Раніцы”- гэта таксама горад.

 

Няхай іншы. Чужы для нас сённешніх. Які ніколі не адбудзецца ізноў.

 

Ужо ў самым канцы аўтар прыгадвае цікавы эпізод з выбараў у мясцовыя саветы у 1990-м. Тады Ткачоў ішоў супраць наменклатуршчыка Сямёнава. Фядута прызнаецца, што не мог вызначыцца на чыім ён баку, пакуль не сутыкнуўся з Сямёнавым у булачнай. Высокі чыноўнік пра нешта размаўляў з жанчынамі, ківаў галавой, трымаючы ў руцэ авоську з батонам і бутэлькай малака. Кранальная сцэна.

 

А на вуліцы стаяла чорная “Волга” з сумуючым кіроўцам за стырном. На задняй сядушцы ляжала некалькі такіх самых авосек з батонам і малаком… Фядута разам з сям’ёй прагаласаваў за Ткачова.

 

Мне падаецца, што свой экзістэнцыйны выбар Аляксандр Іосіфавіч акурат тады і зрабіў. Не ў 94-м, калі пакінуў кабінет у Адміністрацыі прэзідэнта, і не ў 10-м, калі далучыўся да кампаніі Някляева. Менавіта ў 90-м нейкі кніжны ідэалізм узбунтаваўся супраць перапоўненай чашы хлусні.