Гарадзенская “Мова Нанова”: людзі і мары

|

З нагоды першай гадавіны працы курсаў мы сустрэліся з яго вядоўцамі і задалі ім тры пытанні:

 

1. Як і калі вы прыйшлі ў каманду вядоўцаў “Мовы Нанова”?

 

2. Якія найбольш яркія ўражанні засталіся ад удзелу ў працы курсаў?

 

3. Якой вы бачыце гарадзенскую “Мову Нанова” праз год?

 

Ігар Кузьмініч:

 

1. Маю адразу два адказы на гэтае пытанне.

 

З аднаго боку, усё, што я рабіў да моманту ўключэння ў правядзенне заняткаў “Мова Нанова Гародня” – свядома прывяло да мяне на курсы:)

 

Тое, што я здаўна перайшоў на беларускую мову і ўсюды ёй карыстаюся, тое, што выкладаў ва ўніверсітэце па-беларуску, выхоўваю сваіх дзяцей беларусамі, жыву па-беларуску, стварыла падмурак, дзякуючы якому мне гэтыя курсы цікавыя і, верагодна, у некаторай ступені я цікавы гэтым курсам:)

 

У гэтым сэнсе курсы ніяк не маглі мяне абмінуць, а я не мог пакінуць іх па-за сваёй ўвагай.

 

З іншага боку я падключыўся да курсаў выпадкова. Гэта значыць, выпадак дапамог мне і курсам знайсці адно аднаго:)

 

Мне прапанавалі весці, а я ўзяў ды пагадзіўся!

 

2. Першыя заняткі ў гарадзенскай кірсе і асабліва прыпеўкі, часам на самай мяжы прыстойнасці ды яшчэ ў храме…

 

Гэта было даволі жорстка. А яшчэ ўдзельнікі курсаў. Людзі розных узростаў, але ўсе – вельмі светлыя!

 

Здзівіла і парадавала, што курсы сапраўды патрэбны людзям, у якіх нехапае сілаў самастойна вакол сябе арганізаваць беларускамоўнае асяроддзе.

 

Нашыя заняткі цікавыя гэтым людзям і тут яны сапраўды пачынаюць размаўляць па-беларуску.

 

Найбольшыя ўражанні ад таго, што я ўсведамляю, што тое, што мы робім – сапраўды патрэбна гарадзенцам.

 

Гэта радуе і натхняе!

 

3. Некалькі групаў займаюцца ў розных раёнах Гародні. У курсах прымае ўдзел некалькі тысячаў чалавек.

 

Асобна працуюць развіваючыя курсы “Мова Нанова Гародня” для малянятаў па падрыхтоўцы да школы, асобна для падлеткаў.

 

Праводзяцца летнікі для моладзі, дзе мы адбіраем з дзесяці асобаў аднаго ўдзельніка.

 

Вераніка Комар:

 

1. Затрымала аднойчы мяне пасля пары выкладчыца мая і прапанавала ўдзельнічаць у курсах “Мова Нанова Гародня”.

 

У двух словах расказала, што ды як, а астатняе, кажа, раскажа табе Ігар Кузьмініч.

 

Чакай, маўляў, хутка патэлефануе. Дачакалася. Патэлефанаваў. Расказаў. Серада гэта была. А ў панядзелак мы ўжо (разам з Эміліяй) удзельнічалі ў занятках у якасці вядоўцаў.

 

2. Уражанні ад усіх заняткаў яркія і кожны раз новыя. Адны з самых яркіх, напэўна, калі маю сястру замуж аддавалі.

 

Як трэба, па-сапраўднаму, традыцыйна: за каханага, з “бацькамі” Ігарам і Вітаўтам, з песнямі, збіценем, караваем і пажаданнямі.

 

А яшчэ ніколі не забуду, калі ўбачыла Аляксандра Куля.

 

Я, вядома ж, бачыла высокіх мужчынаў, але людзей-веліканаў, у самым добрым сэнсе гэтага слова, упершыню!

 

Ад яго выступлення я атрымала “мора” эмоцый і задавальнення.

 

3. Такімі ж шчырымі і добрымі, толькі з большай колькасцю наведвальнікаў і з не менш цікавымі гасцямі!

 

Антось Янкоўскі:

 

1. Я прыйшоў у каманду “Мова Нанова Гародня” амаль на пачатку у якасці зменнага вядоўцы. І застаўся тут на доўга.

 

2. Кожны занятак цікавы, яскравы і непаўторны. У цэлым – вялікая колькасць пазітыву ад гледачоў. Так што хочацца далей працаваць і не кідаць гэту справу.

 

3. Праз год – гэта будзе самае прэстыжнае мерапрыемства ў Гародні, пра якое будзе ведаць кожны гарадзенец.

 

Эмілія Комар:

 

1. Добра ўсё тое, што дапамагае ўдасканальвацца, што штурхае. Мова Нанова – і дапамагае, і штурхае.

 

Таму калі мне прапанавалі стаць часткай каманды (было гэта ў кастрычніку 2014 года), дапамагаць праводзіць заняткі – з задавальненнем пагадзілася.

 

Мне гэта блізка, цікава.

 

Дарэчы, у якасці слухача я была на занятках толькі аднойчы)

 

2. Напэўна, самае моцна ўражанне засталося пасля заняткаў “Вяселле”, дзе мяне выдавалі замуж.

 

Мы паказвалі, як ладзілі вяселле нашы продкі, якія традыцыі былі, што за чым…

 

І каб было больш зразумела, наглядна – зрабілі міні-вяселле, у якім я была нявестай.

 

І апрананне ў вясельны строй было, і “жаніх” мой чаравічкі мне абуваў, слухачы віншавалі нас.

 

Гэта было так эмацыйна, незвычайна і крышку з хваляваннем – ні кожны ж дзень замуж выходжу!

 

А ўвогуле, уражанне адно – суцэльна прыемнае.

 

Я люблю шчырасць ў людзях і люблю смяяцца.

 

А на курсах мы бывае так смяемся, што, здаецца, на тыдзень уперад – да наступных заняткаў!

 

3. Безумоўна, праз год я бачу Мову Нанова, якая збірае разы ў два больш людзей, як мінімум.

 

Датычна Гародні, бачу добрае памяшканне – немалое-невялікае, утульнае, пастаяннае – хаця, спадзяюся, яно будзе раней, чым праз год.

 

Уяўляю нашых слухачоў і чую іх выдатную, удасканаленую на курсах і ў жыцці за гэты год мову!