Бэтмэн з таго свету

|

Не ведаю як вас, а мяне гэтая навіна зусім не ўзрадавала. Хутчэй наадварот, час рыхтавацца да найгоршага. Ці можа лепш паспрабаваць забыцца, выкінуць з галавы ды прасядзець прэм’еру недзе далёка ад цывілізацыі? «Калі першы фільм быў цудоўна гатычны і стылізаваны, новы будзе рэалістычны і таямнічы, створаны амаль у дакументальным стылі», – кажа пра свой праект Норынгтан. І гэтымі словамі падпісвае сваёй стужцы прыгавор.

Самы першы «Крумкач», зняты 15 год таму, гэта казачная гісторыя гітарыста Эрыка Дрэйвэна, якога, разам з яго каханай, жорстка забіваюць разбэшчаныя вулічныя бандыты. Але праз год, у Хэлоўін, Эрык вяртаецца з таго свету з дапамогай пасярэдніка паміж жывымі і мёртвымі – крумкача.

Стылістычна гэты змрочны фільм пераклікаецца з Бэтмэнамі Тыма Бёртана, фільмамі пра вампіраў і экранізацыямі коміксаў тыпу Спаўна. Месца дзеяння – горад, але ён рэалізаваны як закрытая прастора, быццам бы быў зняты ў павільёне. Няма лішніх людзей на вуліцах, няма лішніх герояў у сюжэце. Толькі неабходны мінімум, у цэнтры якога – помста. А яшчэ ў «Крумкачы» – самыя цудоўныя планы начных дахаў.

Кульмінацыя – стылёвая як і ўвесь фільм – гэта класічная сцэна бойкі ў царкве і на яе даху, як у нейкім Зорро. Толькі калі найлепшае надвор’е для вершніка ў масцы – спякотны поўдзень, то для нашага героя – дажджлівая цёмная ноч.

Асаблівай увагі заслугоўвае музыка. Стваральнікам фільму ўдалося сабраць у адным саўдтрэку вялікую колькасць папулярных альтэрнатыўных гуртоў: The Cure, Nine Inch Nails, Jesus and Mary Jane, Rage Against The Machines – іх песні могуць жыць цалкам асобна ад стужкі.

Алек Прояс, рэжысёр першага «Крумкача», лічыць ідэю новай экранізацыі смешнай і не хоча мець з ёй нічога агульнага. Гэта быў і застаўся назаўсёды фільм Брэндана Лі, які зайграў галоўную ролю. Ён загінуў падчас здымкаў, але Прояс, не гледзячы ні на што, скончыў працу над стужкай. Ужо існуючыя сіквэлы ніколі не цікавілі рэжысёра. «Яны ніколі не павінны былі паўстаць», – кажа ён.

Коміксу Джэймса О’Бары пашанцавала быць экранізаваным у тыя часы, калі эталонам фільму-коміксу не стаў яшчэ тупавата-гламурны Чалавек-Павук. Эрык Дрэйвэн аб’яднаў лепшыя рысы Змрочнага Рыцара Бэтмэна, Карацеля і нават Горца. У гэтым фільме і адметны стыль, і жорсткі баявік, і культавая музыка і нават каханне, якое жыве несуперак смерці. Чым не формула поспеху?

Фільм: Крумкач / The Crow, ЗША, 1994 г., 102 хв.

Рэжысёр: Алекс Прояс

Жанр: правільная экранізацыя комікса

Прыватная ацэнка: 8/10