Кыргызстан: краіна гор і надзеяў

|

У сталіцу Кыргызстана Бішкек мы прыляцелі на міжнародную канферэнцыю, прысвечаную старэнню насельніцтва.

 

У краіне з яе 5-міліённым насельніцтвам у сталым узросце ўсяго 8% насельніцтва (у Беларусі – каля 25%), але мясцовыя ўлады і грамадскасць ужо зараз актыўна распрацоўваюць праграмы, накіраваныя на забеспячэнне годных умоваў для старэння чалавека.

 

Па сканчэнні канферэнцыі вырашаем застацца на тры дні, каб бліжэй пазнаёміцца з далёкай краінай, яе культурай і людзьмі.

 

Пішкек-Фрунзэ-Бішкек

 

Сталіца Кыргызстана не мае багатай гісторыі і адметнай архітэктуры.

 

У пачатку 19-га ст. Какандскае ханства збудавала на гэтым месцы крэпасць Пішкек, гарнізон якой збіраў даніну з гандлёвых караванаў, якія ішлі праз Чуйскую даліну.

 

У 1862 г. крэпасць (“для прадухілення нападаў ворагаў на рускія землі”) разбурыла рускае войска.

 

Крыху пазней на месцы крэпасці ўзнікла паселішча Пішкек, якое з часам вырасла ў горад.

 

У савецкія часы Пішкек быў перайменаваны ў Фрунзе (па прозвішчу савецкага паўкаводца Міхаіла Фрунзэ, які тут нарадзіўся).

 

Планіроўка Бішкека сваімі правільнымі лініямі нагадвае шахматную дошку. Гэта было зроблена для таго, каб вуліцы добра праветрываліся свежым горным паветрам з Ала-Тоо.

 

Глядзець у горадзе асабліва няма чаго, за выключэннем хіба што паркаў ды помнікаў гістарычным дзеячам.

 

У цэнтры горада шмат шыльдаў, мемарыяльных знакаў, плакатаў, якія нагадваюць пра апошнюю рэвалюцыю, у выніку якой быў скінуты карумпаваны рэжым Бакіева, які знайшоў затым прытулак у Беларусі.

 

0 align=”” width=”515″ height=”344″ >

Шмат жыхароў на вуліцах размаўляе па-кыргызску, але і рускамоўных вельмі шмат.

 

1 align=”” width=”515″ height=”344″ >

Па тэлевізару можна глядзець вялікую колькасць расейскіх тэлеканалаў, у гатэлі, дзе мы жылі, штодня выкладалі бясплатна нумары расейскіх газет.

5 align=”” width=”515″ height=”384″ >

Многія з людзей, якія нам сустракаліся, ускладаюць вялікія надзеі на далучэнне краіны да Мытнага саюзу, якое павінна адбыцца 8 траўня.

 

Дарыкана-Дзюкён-Кафесі

 

– Тут зусім няма аніякай працы, усе прадпрыемствы спыніліся – распавядае нам таксіст Медэр, з якім мы вандруем па краіне.

 

Таксі тут зусім таннае – сярэдні кошт паездкі па горадзе складае 60-100 сом (1-1,5 даляра).

 

З-за адсутнасці працы многія жыхары Кыргызстана працуюць сёння ў Расіі ці ў Казахстане.

 

Тыя ж, што засталіся – выжываюць як могуць.

 

Жыхары гарадоў занятыя ў асноўным у дробным бізнесе – у горадзе на кожным куце аптэкі (Дарыкана), кавярні (Кафесі), маленькія крамы (Дзюкён), шмат маленькіх заправак, абменнікаў.

 

На вуліцах шмат гандляроў рознай дробяззю.

 

У горадзе аграмадны аўтарынак, але галоўнай эканамічнай візітоўкай горада з’яўляецца рынак Дардой.

 

На аграмаднай плошчы размешчаная неверагодная колькасць марскіх кантэйнераў, які выконваюць ролю гандлёвых павільёнаў. Кантэйнеры пастаўленыя ў два паверхі: ніжні выконвае ролю крамы, а верхні – склада.

Тавары сюды вязуць у асноўным з Кітая і Турцыі. Кошты вельмі розныя, але, у параўнанні з беларускімі – вельмі танныя.

 

7 align=”” width=”517″ height=”411″ >

Такія кантэйнеры мы сустракалі яшчэ не раз. Іх выкарыстоўваюць як часовае жытло чабаноў, як будаўнічыя вагончыкі і нават як аснову для будаўніцтва гатэляў на берагах Ісык-Куля (таксама ставяць адзін на адзін, выразаюць у сценах вокны і дзьверы, а затым “абшываюць” нейкім пенапластам).

 

Нягледзячы на нізкі ўзровень жыцця, жыхары Кыргызстану любяць святкаваць і адпачываць.

 

– Так, па колькасці і размаху розных святаў мы хіба што чэмпіёны свету! – кажа Медэр.

 

На вяселлі тут збіраецца па некалькі сотняў сваякоў і сяброў, а кошты на імпрэзу сягаюць некалькіх дзесяткаў тысяч даляраў.

 

На вяселле абавязкова рэжуць адного альбо двух каней, некалькі бараноў (“кыргыз другі пасля ваўка мяса любіць” – гэтую прымаўку мы чулі тут неаднаразова).

 

Узяць крэдыт у банку і шмат гадоў разлічвацца з пазыкамі – звычайная практыка для многіх жыхароў краіны.

 

З не меншым размахам праходзяць і пахаванні. Хаваюць чалавека тут без труны, загорнутым у белую тканіну. Кладуць у выкапаную ў доле нішу. У апошні шлях на могілках чалавека праводзяць толькі мужчыны.

 

8 align=”” width=”515″ height=”413″ >

Па дарозе на Ісык-Куль мы бачылі нязвыклыя для нашага воку могілкі з цікавымі надмагільнымі помнікамі.

 

У час побыту ў Бішкеку мы патрапілі на ўжо традыцыйны, дзесяты па ліку, фестываль джазу, які збірае музыкаў з Еўропы і краін Цэнтральнай Азіі.

 

Тры тысячы над морам

 

Кыргызстан – краіна найперш горная. Каля 90% краіны ляжыць на вышыні больш за 1500 метраў над узроўнем мора. Тут знаходзяцца тры самыя высокія вяршыні Сярэдняй Азіі (самая высокая – Пік Перамогі – 7439 метраў).

 

9 align=”” width=”515″ height=”316″ >

Таму мы не маглі не паехаць у горы.

 

У якасці мэты вандроўкі быў абраны перавал Тоо-Ашуу (Верблюдзіная гара), дзе знаходзіцца горналыжная база.

 

Шлях на базу ідзе па трасе з Бішкека на Ош.

Дарога паміж двумя найбуйнейшымі гарадамі краіны займае машынай каля 8 гадзін. Аўтобусы паміж двумя гарадамі не ходзяць з-за вялікай рызыкі аварый.

2 align=”” width=”515″ height=”344″ >

Таму асноўны транспарт – таксі альбо самалёт.

 

Мы праехалі толькі прыкладна чацьвёртую частку шляху.

 

Пачалі свой шлях з ужо зялёнай даліны.

Праз пару гадзін язды па горным серпанціне апынуліся на вышыні ў тры тысячы метраў.

Сезон на горналыжнай базе закрылі літаральна пару дзён перад нашым прыездам і акрамя абслугі мы нікога не заспелі.

 

Затое ўбачылі шыкоўную панараму бязлюднай і пакрытай снягамі Суусамырскай даліны.

Ужо ў траўні яна зазелянее і ператворыцца ў месца выпасу шматлікіх статкаў коней, кароў, авечак, якіх праз перавал прыгоняць сюды чабаны.

 

3 align=”” width=”515″ height=”344″ >

Гадаванне жывёлы спрадвек давала жыццё мясцовым жыхарам.

Вось і зараз паабапал усіх дарог у краіне можна ўбачыць вялікія і малыя статкі хатняй жывёлы.   

 

4 align=”” width=”512″ height=”346″ >

Ісык-Куль: пярліна Кыргызстану

 

Паездка на найвялікшае возера, якое называюць пярлінай Сярэдняй Азіі, ад самага пачатку была ў нашых планах.

 

Выязджаем разам з Медэрам туды па абедзе. Дарога некаторы час ідзе ўздоўж мяжы з Казахстанам, адгароджанай дротам. У некаторых месцах гэты дрот ідзе каля самай дарогі (насуперак нашым апасенням – досыць добрай якасці).

 

Уздоўж дарогі ідзе актыўны гандль.

6 align=”” width=”516″ height=”392″ >

Дунгане (народ, які жыве ў Кыргызстане, Кітаі, Узбекістане) прадаюць вялізную радыску, цыбулю, нейкую іншую зеляніну.

 

– У курортны сезон (чэрвень-жнівень) тут ідуць цэлыя калоны машын. Тады прыдарожны гандаль ідзе куды больш бойка – кажа Медэр. Чарэшні, кавуны, дыні, яблыкі, абрыкосы – купіць тут можна усё!

 

Праязджаем маляўнічую Боомскую цясніну і апынаемся ў гарадку Балыкчы.

 

Пра тое, што тут пачынаецца Ісык-Куль, падказвае актыўны продаж вэнджанай і сушанай рыбы (сіг, фарэль і інш.)

 

У Чолпон-Ату, якая лічыцца галоўны курортам на гэтым беразе возера, прыязджаем пад вечар.

 

У гарадку ідзе падрыхтоўка да сезона – будуюцца новыя пансіянаты, людзі аднаўляюць пакоі і кватэры, якія ў летні сезон запоўняцца турыстамі. Пакуль жа большасць гатэляў і пансіянатаў проста зачыненыя.

 

У пошуках начлега заходзім у адзін з працуючых санаторыяў. Прапануюць пакой за 13 даляраў за суткі, а таксама трохразовае харчаванне за 7 даляраў.

 

Санаторый пакідае змрочнае ўражанні – шэрасць, бруд. У пакоі – забітая ракавіна.

 

У выніку селімся ў “Ластаўку” – прыватны сціплы гатэльчык. Жытло на дваіх абыходзіцца ў 30 даляраў за 2 начы.

Прыкладна столькі ж ідзе на харчаванне ў суседніх кавярнях.

 

Ранкам накіроўваемся на возера. Пясчаныя берагі брудныя і бязлюдныя. Водная прастора выглядае бяскрайняй.

 

Мясцовыя жыхары кажуць, што праз пару месяцаў тут яблыку не будзе дзе зваліцца, але пакуль апроч нас на пляжы нікога.

 

Стаіць ля берага цеплаход, які летам катае турыстаў.

Закінутымі выглядаюць санаторыі і пансіянаты на беразе возера.

 

Ад уражання поўнай занядбанасці ратуе толькі бясконцая водная прастора і беласнежныя горы да даляглядзе.

 

…Ранкам наступнага дня Медэр імчыць нас у аэрапорт, распавядаючы чарговыя гісторыі пра сваю Радзіму.

 

У час развітання з нашым правадніком лаўлю сябе на думцы, што бруд на вуліцах і галеча хутка забудуцца, а ў памяці застануцца заснежаныя горныя перавалы, празрысты блакітны Ісык-Куль і вельмі ветлівыя людзі, якія сустрэліся тут на нашым шляху. 

 

Фота аўтара, Вадзіма Носава і Ланы Руднік

 

Чытайце таксама пра падарожжы ў іншыя цікавыя мясціны свету з дапамогай нашай