Куды крочыць рэкламіст? Цікавосткі і навінкі Шостага фестывалю AD.NAK!
“Сёння хочацца працытаваць айца Аляксандра Надсана: “Мы не горшыя і не лепшыя за іншыя народы — у нас свая місія”, — кажа кардынатар культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская. — Гэтак жа і наш Фестываль — не лепшы і не горшы за іншыя фестывалі і прэміі. Ён мае сваю ўласную місію, якая застаецца нязменнай ужо шэсць гадоў: ператварыць кропкавыя рэкламныя і камунікацыйныя “выскачкі” на тэрыторыю беларускасці ў нармальную штодзённую практыку. Мы спадзяемся, што з часам мова стане нашай паўсядзённасцю, а канцэпцыя асобнага беларускамоўнага фэсту адпадзе як непатрэбная, і мы будзем адзначаць людзей не за якасныя работы на мове, а проста за якасную рэкламу. Чаму нас цікавіць рэклама? Яна штохвілінна ўплывае на нашую свядомасць, хочам мы таго ці не. І вельмі ўзрушвае тое, што паводле сацыялагічных даследаванняў адсотак людзей, якія жадаюць бачыць менавіта беларускамоўную рэкламу, расце — ад 37 адсоткаў у 2009 годзе да амаль 60 у 2014-м.
Сёлетняя канцэпцыя — “Годны шлях рэкламіста”: мы хочам паказаць, што за якаснымі працамі на беларускай мове стаяць канкрэтныя людзі. Яны ствараюць беларускую рэкламу, замаўляюць яе, так ці інакш спрычыняюцца да яе”.
Як і летась, генеральным партнёрам фэсту стала кампанія velcom, якая вось ужо не першы год стварае беларускамоўны кантэнт.
“Усе нашыя іміджавыя праекты ствараюцца па-беларуску, — расказвае кіраўнік упраўлення маркетынгу кампаніі velcom Юлія Дайнека. — Такія праекты ствараюцца прыблізна два разы на год, і выкарыстанне мовы дае плён — рэдка можна ўбачыць, як людзі глядзяць і рэпосцяць ролікі камерцыйных кампаній, а нашыя ролікі, зробленыя па-беларуску, рэпосцілі. Год таму мы стварылі мабільнае дастасаванне для перакладаў на мову — цяпер ім карыстаецца больш за 30 тысяч чалавек. Літаральна сёння наша кампанія абвясціла новую стратэгію: нацыянальная самаідэнтычнасць будзе нашай ключавой тэмай”.
Сёлета Фестываль AD.NAK! уручыць узнагароды ў некалькіх новых паднамінацыях: прадуктовы дызайн, інтэрактыўныя дастасаванні і г.д. Са спісам намінацый і конкурсаў ужо можна азнаёміцца на сайце adnak.by.
“Мы штогод сочым за актуальнымі тэндэнцыямі і сусветнымі трэндамі рэкламнай і камунікацыйнай галіны (узорам для фэсту застаюцца “Канскія львы”), — кажа Сяргей Скараход, кіраўнік праекта Marketing.by, пастаяннага партнёра кампаніі “Будзьма!” у правядзенні фэсту. — Улічваючы іх, мы дапаўняем і абнаўляем намінацыі і конкурсы. Новы сайт Фестывалю сёлета дазваляе канкурсантам максімальна зручна аформіць і падаць работу. Асноўны акцэнт пры падачы работ на сайце зроблены на якасць іх афармлення. Спадзяемся, што сёлетняе новаўвядзенне дазволіць удзельнікам карэктна данесці ідэі сваіх праектаў, а сябрам журы — аб’ектыўна ацаніць працы канкурсантаў. Падчас традыцыйнай адукацыйнай праграмы мы вырашылі выйсці за межы рэкламнай галіны. У гэтым годзе акрамя рэкламістаў спікерамі на адукацыйнай праграме будуць беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч, французскі фатограф Жан-Поль Бабано, вядомы рэкламіст Паўліс Сэнюта, наш зямляк Ілля Андрэеў, які цяпер актыўна займаецца рэбрэндынгам “Белавіі”. Разам з удзельнікамі яны паразважаюць пра свет вакол нас, у якім мы ўсе разам мусім ствараць і ісці сваім годным шляхам”.
Сёлета да фестывалю ў якасці партнёраў далучыліся таксама ААТ “Піўзавод Аліварыя” і група кампаній АЗС “А-100”.
“Аліварыя” — найстарэйшы беларускі бровар, нам больш за 150 гадоў, таму казаць пра беларускі складнік натуральна, — кажа Ала Мачалава, менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ “Піўзавод Аліварыя”. — Мы вырашылі, што ўсе камунікацыі кампаніі будуць адбывацца па-беларуску, што ўхвалілі нашыя партнёры з Carlsberg Group. Новыя гатункі піва цяпер цалкам афармляюцца па-беларуску (на гэтым, дарэчы, настойвалі ў тым ліку спажыўцы). І беларуская мова добра спрыяе продажам. Але важна звярнуць увагу, што не ўсё дыктуецца і робіцца толькі дзеля камерцыйнай выгады, ёсць і іншая матывацыя”.
Што да сеткі АЗС “А-100”, то гэтая кампанія сёлета зрабіла ледзь не ўзорна-паказальны прарыў у папулярызацыі мовы.
“Мы прыватны бізнес з больш як дваццацігадовай гісторыяй, — расказвае Ніна Ніканорава, кіраўнік упраўлення маркетынгу групы кампаній “А-100 АЗС”. — Пераход на беларускую мову ў камунікацыях з 1 студзеня — гэта толькі пачатак, да канца года ўсё аздабленне нашых АЗС стане беларускамоўным. З пераходам на беларускую мову да нас далучылася яшчэ модная, сучасная моладзевая аўдыторыя”.
Сайт фестывалю adnak.by (традыцыйна ў новым дызайне і з новымі магчымасцямі) працуе ўжо цяпер. Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Шостага фестывалю пачнецца 20 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 1 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 2 ліпеня ў Мінску.
Удзел у фэсце, як заўжды, бясплатны, а значыць, ёсць добрая нагода ўжо цяпер пачынаць ці працягваць свой “Годны шлях рэкламіста”.
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч