Адчыняецца памежны пераход у Польшчу на Аўгустоўскім канале

|

Як паведамляе сайт падляшскага аддзялення памежнай службы Польшчы, пераход Рудаўка-Лясная будзе працаваць з 7.00 да 10.00 да 1 кастрычніка.

 

У працы гэтага памежнага перахода зацікаўленыя найперш аматары воднага турызму з абодвух бакоў мяжы.

 

Разам з тым, чакаць масавага руху турыстаў праз пераход не выпадае.

 

Працэс атрымання польскіх візаў у Гродне па-ранейшаму застаецца складаным.

 

Праблемы ёсць і ў турыстаў з польскага боку.

 

Пра іх у час сустрэчы з журналістамі з Гарадзеншчыны ў сакавіку распавёў бурмістр Аўгустова Войцех Валюлік (Wojciech Walulik, на здымку):

 

– “Штогод у Аўгустоў, які лічыцца нефармальнай сталіцай водных відаў спорту і турызму ў Польшчы, прыязджае адпачываць больш за 200 тыс. чалавек.

 

Многія з іх з-задавальненнем накіраваліся б на байдарках па Аўгустоўскім канале ў Беларусь, але для гэтага трэба атрымаць візу ў беларускім консульстве ў Беластоку, бо ў Аўгустове такое консульства зачынілася некалькі год таму.

 

Губляць час і грошы на выраб візавых дакументаў мала хто наважваецца”.

 

Сам Войцех кажа, што быў бы вельмі рады, калі б шлях з Аўгустова да Гродна зноў стаў бы больш даступным жыхарам па абодва бакі мяжы.

 

Па словах бурмістра, яго дзед перад вайной спакойна адольваў 73 км. паміж гарадамі на ровары праз Ліпічаны.

 

Фота Вітаўта Рудніка і podlaski.strazgraiczna.pl/