Польскія візавыя цэнтры адкрыюцца ў васьмі гарадах Беларусі
Візавыя цэнтры Польшчы адкрыюцца ў Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Пінску, Баранавічах і Лідзе.
У іх павінна знаходзіцца як мінімум 42 акны для прыёму дакументаў на візы і 20 месц для збору біяметрычных даных заяўніка.
З 23 чэрвеня беларусы для атрымання шэнгенскай візы павінны будуць падаць біяметрычныя даныя – адпячаткі ўсіх пальцаў рук і лічбавую фатаграфію.
Згодна з умовамі тэндара ў візавых цэнтрах павінна быць неабходнае для гэтага абсталяванне. Заяўкі на ўдзел у тэндары будуць прымацца па 10 чэрвеня.
Прадугледжваецца, што цэнтры змогуць штогод прымаць 290 тыс. хадайніцтваў на атрыманне віз, у тым ліку цэнтр у Мінску – 80 тыс. Заяўкі можна будзе падаваць з панядзелка па пятніцу (акрамя дзяржаўных свят) з 9.00 да 17.00.
Рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца на працягу дзесяці рабочых дзён. Пры неабходнасці разгляд дакументаў можа быць прадоўжаны да 30 дзён.