Увесь Свет як другая Радзіма
Многія з нас хацелі б жыць і працаваць за мяжой або здзейсніць кругасветнае падарожжа.
Але для гэтага трэба шмат часу, грошаў і нерваў, а ў нашай краіне гэтых рэчаў вялікі дэфіцыт.
А што, калі тваёй Радзімай быў бы ўвесь Свет? Ты б мог сам выбіраць, дзе табе жыць, вучыцца і развівацца. Ніякіх межаў. Ужо не ў марах, а ў рэальнасці, ты б мог наведаць кожны куток нашай дзіўнай планеты.
Ты, напэўна, скажаш, што гэта немагчыма.
Але ў 1948 годзе былы лётчык ВПС ЗША Гары Дэвіс адмовіўся ад амерыканскага грамадзянства і аб’явіў сябе грамадзянінам свету.
Дэвіс заснаваў у Парыжы Міжнародны рэгістр грамадзян свету. У 1953 годзе Гары і яго паплечнікі стварылі Сусветны ўрад грамадзян свету, а праз год заснавалі арганізацыю World Service Authority – свайго роду выканаўчы орган Сусветнага ўрада.
Галоўная задача WSA – забяспечыць людзям права на свабоднае перамяшчэнне па свеце.
Па сваёй сутнасці ідэя Дэвіса не такая ўжо камічная.
Пасля першай сусветнай вайны большасць дзяржаў ўвяло абавязковы пашпартны рэжым, каб лепш кантраляваць сваіх грамадзян і абмяжоўваць іх свабоду перамяшчэння.
Да таго часу калі каму і трэба было пакінуць краіну, то ён проста сядаў на каня – і ўперад! Пасля з’яўлення пашпартоў дзяржавы атрымалі магчымасць адмаўляць сваім грамадзянам у праве выезду.
Цяпер агульначалавечае права на свабоду перамяшчэння, замацаванае ў Артыкуле 13 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, на практыцы, як вядома, парушаецца вельмі часта.
Гары Дэвіс лічыць, што кожны чалавек нараджаецца грамадзянінам свету і з гэтым цяжка паспрачацца.
align=”left” width=”241″ height=”330″ >Пашпарт грамадзяніна свету – гэта дакумент на 40 старонках з сіняй вокладкай.
Пашпарт надрукаваны на сямі мовах: англійскай, французскай, іспанскай, рускай, арабскай, кітайскай і эсперанта.
Першыя чатыры старонкі дакумента занятыя дадзенымі асобы, а астатнія адведзены для візаў.
Гэтая арганізацыя нават і цяпер рэгіструе грамадзян свету і выдае ім пашпарты, а заадно і іншыя дакументы – напрыклад, сусветнае пасведчанне аб нараджэнні, сусветнае пасведчанне аб шлюбе, сусветнае пасведчанне палітычнага ўцекача, міжнародную выязную візу і міжнародны від на жыхарства.
Афіцыйна пашпарт грамадзяніна свету каштуе ад 45 да 100 долараў ЗША. Аформіць яго можа практычна любы чалавек.
Для гэтага неабходна запоўніць анкету – заяву і выслаць копіі дакументаў, якія патрэбны для атрымання пашпарта. Звесткі аб кожным чалавеку, які жадае атрымаць такі дакумент, абавязкова перасылаюцца ў Інтэрпол і старанна правяраюцца яго супрацоўнікамі.
На афармленне дакументаў сыходзіць, як правіла, каля месяца. Такі дакумент афіцыйна прызнаюць толькі шэсць дзяржаў: Буркіна-Фасо, Эквадор, Танзанія, Маўрытанія, Тога і Замбія.
Аднак, па сцвярджэннях Дэвіса, такіх краін больш за 140, у доказ чаго ганарова дэманструюцца ксеракопіі пашпартоў з штампамі памежнікаў ледзь не ўсіх дзяржаў свету.
Так, да прыкладу, і нашу беларускую мяжу перасёк аднойчы грамадзянін свету.
Як бачна па ксеракопіі старонкі з пашпарта, ён наведаў наш цудоўны горад Гродна.
Дарэчы, у рэйтынгу самых моцных пашпартоў свету (пад сілай разумеецца колькасць краін, якія ўладальнік пашпарта можа наведаць без візы) на думку амерыканскай кансалтынгавай фірмы «Arton Capital», пашпарт Рэспублікі Беларусь займае 52 месца разам з такімі дзяржавамі, як Катар, Гана, Гамбія і Нігер.
З нашым пашпартам мы можам наведаць без візы ўсяго толькі 66 краін.