Чым беларусы падобныя на кітайцаў? Апытанне ў Гродне

| Без катэгорыі

Спадар: “Я нават не магу сказаць, што беларусы і кітайцы могуць быць нечым падобныя. Мне здаецца, там іншы менталітэт і ўсё іншае: мы — еўрапейцы, яны — азіяты. Тым і адрозніваемся — гэта зусім іншая культура, светаадчуванне, зусім іншы падыход да жыцця. Я нават не ўяўляю, што агульнага ў нас з кітайцамі. Калі я вучыўся з кітайцамі разам ва ўніверсітэце, то гэта быў абсалютна іншы свет. Прычым, пачынаючы ад таго, што наша харчаванне прынцыпова рознілася, і сканчаючы тым, што яны зусім па-іншаму паводзілі сябе, жылі, дый усё наагул у іх было іншае. Адны адрозненні”.

 

Спадарыня: “У іх такая ж добразычлівасць у адносінах, як і ў нас. І войнаў яны, як і мы, таксама не вядуць. Вось гэта я пра іх ведаю. А цяпер мы ў іх па камп’ютары тавары выпісваем, дык калі што не так, то прабачэння просяць, а калі што, то тавар можна вярнуць. Адзінае, мы з імі знешне адрозніваемся”.

 

Дзяўчына: “Мне болей падабаецца, калі мы, беларусы, самі па сабе і не мяшаемся ні з кім такім. Эканамічныя стасункі — гэта добра, але мне не падабаецца, што яны прыяжджаюць да нас у краіну, пачынаюць тут жыць і запаланяюць нашу тэрыторыю”.


Спадар: “Падобныя тым, што мы ўсе людзі…”

 

Спадар: “Думаю, што мы добра адрозніваемся. Калі ўзяць, да прыкладу, бізнесменаў, то нашы беларусы хочуць атрымаць прыбытак адразу, таму і баяцца, калі нешта інакш. А кітайцы ўклалі грошы і ведаюць, што праз пяць гадоў гэта акупіцца, і таму яны смела ідуць на бізнес. А нашы баяцца…”

 

Спадар: “У кожнай нацыі ёсць нешта агульнае. Нас з кітайцамі яднае працавітасць. У іх таксама сельская гаспадарка добра наладжана. А рознімся мы культурай, самабытнасцю, гісторыяй”.

 

Спадарыня: “Магчыма, яны працавітыя, як мы, а вось культурамі рознімся. Яны, як і мы, вядуць здаровы лад жыцця, шмат спортам займаюцца, харчуюцца па правілах, але самае галоўнае, што працавітыя”.

 

Спадар: “Нам яшчэ давядзецца з імі сысціся на роўным месцы…”