Гродна: лагодная беларусізацыя на прадуктовых паліцах

|

Беларускія назвы, а таксама нацыянальная стылістыка афармлення крамаў у нас найчасцей асацыюецца з пачаткам 90-х. Два наступныя дзесяцігоддзі, калі мова з арнаментамі недзе і трымаліся – то найчасцей у гуманітарнай сферы, дакладна не ў спажывецкай. Цяпер выглядае на тое, што лёд нарэшце зрушыўся, піша belsat.eu.

 

Крама “Смак” на вуліцы Ажэшкі па іроніі лёсу яшчэ з год таму была “Маскоўскім гастраномам”, побач з забегалаўкай “Масква”. Ні таго, ні іншага зараз няма, затое прадуктовую краму ўпрыгожваюць цудоўныя гравюры Макоўскага часоў Вялікага Княства.

 


 

Крама “Баторыя” на даўнейшай Рынкавай плошчы гораду яшчэ нядаўна нічым не адрознівалася ад іншых гастраномаў. Зараз звонку вітрыны ўпрыгожаныя, зноў жа, гравюрай XVI ст., а ўнутры – шляхецкімі гербамі той жа эпохі.

 

“Каўбасны буцік” з беларускамоўнымі пажаданнямі кліентам, з’явіўся ў гістарычным будынку ў двух кроках ад кляштару Брыгітак з-паў гады таму. Дробязь, але нацыянальнага кантэксту дадае.

 

На прадуктовых паліцах Заходняй Беларусі, як не дзіўна, нацыянальнай афарбоўкай найбольш цешаць… вытворцы гарэлкі! Менавіта ў Гродне разліваюць гарэлку “Статут 1529”, “Князь Вітаўт” або “Панскую”. Далей ідуць вытворцы малака, якія ад нядаўна пачалі аздабляць прадукт арнаментам, ды хлеба.

 

Мода на беларускасць, няхай і павольна, але распаўзаецца паза межы Мінску. Таму нацыянальную тэму ў рэгіёнах зараз кожны можа падтрымаць не толькі пакупкай беларускай кніжкі, але і звычайнага малака або – гарэлкі на свята ў нацыянальным духу.

 

Празмернае спажыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю