Паранены бусел чакае дапамогі

Адна з гарадзенак звязвалася з гарадзенскім заапаркам і з арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

 

У заапарку сказалі, што змогуць дапамагчы буслу, толькі калі яго даставяць да іх. Яны яго вылечаць і калі птушка не зможа вярнуцца ў прыроду, то пакінуць у сябе.

 

Паехаць і злавіць птушку яны не могуць па двух прычынах: няма спецыялістаў па адлове дзікіх птушак, а па-другое, па законе заапарк не мае права самастойна забіраць жывёл з прыроднага асяроддзя. Рабіць гэта мае права толькі інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

Дзяўчыну проста перанакіроўвалі ад адной арганізацыі ў іншую, але ніхто нават не пацікавіўся, дзе знаходзіцца птушка.

 

У чацвер Людмілу чакалі добрыя навіны – пасля яе званка ў інспекцыю, ёй ператэлефанавалі і паабяцалі, што сёння ж да месца знаходжання бусла выедзе спецыяльная машына. Але ніхто так і не прыехаў.

 

Птушка да гэтага часу знаходзіцца на тым жа самым месцы ў жаласным стане, і невядома, колькі часу яна яшчэ зможа так пражыць.

 

Відавочцы і самі былі б рады дапамагчы буслу, але без спецыяльных навыкаў зрабіць гэта немагчыма, небяспечна і незаконна.

 

Дзікая птушка, спалохаўшыся, можа сама сябе моцна параніць, што толькі пагоршыць яе стан.