Граф Прушынскі: Хачу, каб людзі плакалі па мне так, як пасля смерці Машэрава
Граф Аляксандр Прушынскі нарадзіўся яшчэ да вайны пад Ваўкавыскам. Потым яго сям’я эмігравала. Прушынскі вярнуўся ў Беларусь у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. Некалькі гадоў таму ён атрымаў беларускае грамадзянства.
Аляксандр Прушынскі: Рашэнне аб тым, што буду балатавацца ў прэзідэнты, прыняў паўтара месяца таму. Хачу давесці да грамадства, да Лукашэнкі, што шлях, якім ідзе краіна, вядзе ў тупік. Нам патрэбен новы шлях – шлях развіцця Сінгапура. Няхай кіраўнік краіны пашле туды двух сваіх сыноў, пяць сваіх падначаленых, пяць рэдактараў дзяржаўных газет, каб тыя паглядзелі і распавялі, як расцвіла краіна. Калі Лукашэнка не верыць мне, няхай яму сыны распавядуць, якім ён давярае. Сінгапур працвітае, туды людзі прыязджаюць, бо добрая праца ёсць. Я не супраць, каб Аляксандр Рыгоравіч пажыццёва кіраваў краінай, але ж трэба, каб і ўзровень людзей падымаўся.
РР: Вы ж, здаецца, хацелі сустрэцца з Лукашэнкам. Не прыняў?
Аляксандр Прушынскі: Я гатовы быў з ім сустрэцца шмат разоў. Пасля прэс-канферэнцыі ў снежні 2010 году я, дарэчы, убачыўся з ім і сказаў: “Я быў у 29 краінах свету і ведаю, як трэба развіваць турызм”. А Лукашэнка быў у 29 краінах свету? Я не кажу, што граф Прушынскі – ва ўсім спецыяліст, але маю і вопыт, і парады. У нас жа мільёны даляраў пад нагамі ляжаць, ніхто іх не збірае. Вось Польшча, напрыклад, экспарціруе ў Кітай свіныя рылы і вушы. Кітайцы лічаць іх далікатэсам. А што, мы не можам гэтым займацца? У Беларусі ёсць буйное прадпрыемства БелАЗ, у Нікарагуа зараз робяць новы канал. Хто-небудзь сказаў Лукашэнку, што, можа быць, у Нікарагуа спатрэбяцца беларускія машыны?
РР: Адным словам, Вы ведаеце, як вывесці беларускую эканоміку з крызісу.
Аляксандр Прушынскі: Безумоўна. Крызісу не будзе, калі кожны будзе думаць і працаваць. Ні я, ні кіраўнік краіны не можам думаць за ўсіх. Кожны павінен займацца сваёй справай. І не трэба паказушныя паездкі прэзідэнта па краіне, бо падчас іх усе хочуць паказаць толькі знешнюю прыгажосць. Каму патрэбна, калі ў калгасе фарбуюць каласы? У Польшчы траву фарбавалі, калі генерал Ярузэльскі прыязджаў. Усе чыноўнікі падманваюць кіраўнікоў. Дык не трэба ім дапамагаць падманваць сябе.
РР: Як вы ацэньваеце свае шанцы на выбарах?
Аляксандр Прушынскі: Мы не ведаем, што будзе заўтра і што будзе праз паўгода. Я стрэліў, а куля няхай нясецца. Хоць, натуральна, хацелася б стаць добрым прэзідэнтам. Каб людзі па мне плакалі так, як у свой час пасля смерці Машэрава.
РР: 4 траўня Вам споўнілася 82 гады. Не пазнавата ісці ў прэзідэнты?
Аляксандр Прушынскі: Даю слова – гэта апошні раз. Тым больш, што варажбітка сказала мне, што я буду жыць да 94 гадоў. Можна, натуральна, ужо было б адпачываць, грошай хапае, але я вырашыў, што трэба паспрабаваць яшчэ раз стаць прэзідэнтам. Да 94 гадоў яшчэ час ёсць…